Лукашэнка пасьля выбараў падняў тарыфы на камунальныя паслугі

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Аплата паводле новых тарыфаў будзе разьлічаная ўжо за студзень 2025 году, пра гэта запісана ва ўказе Лукашэнкі за 30 студзеня.

На першым этапе, з 1 студзеня, будуць павышаныя тарыфы на ўсе паслугі, акрамя ацяпленьня і гарачага водазабесьпячэньня, паведаміла прэсавая служба Лукашэнкі.

А з 1 чэрвеня — на цеплавую энэргію з мэтай ацяпленьня і гарачага водазабесьпячэньня.

Такім чынам, з разьлікам на тыповую двухпакаёвую кватэру з трыма жыльцамі аплату камунальных паслуг падымуць на 17,05 рубля, з 1 чэрвеня — яшчэ на 3,95 рубля. Агулам 21 рубель.

Раней падвышэньне тарыфаў за камунальныя паслугі не павінна было складаць больш за 5 даляраў у эквіваленце згодна з указам Лукашэнкі ад 5 сьнежня 2013 года №550.

У 2023 годзе Лукашэнка ўвёў новы стандарт: не болей за 0,5 базавай велічыні, цяпер 21 рубель, бо 1 студзеня ў Беларусі базавая велічыня складае 42 рублі. Такім чынам Лукашэнка ўклаўся ў ім самім ўстаноўныя нормы.

Летась утрыманьне тыпавой двухпакаёвай кватэры з трыма жыхарамі абыходзілася, па падліках рэсурсу telegraf.news у 173,15 рубля, а цяпер складзе 194,15 рубля. Такімм чынам сёлета падвышэньне складзе 12,13%, альбо 6,4 даляра.

Як паведамляў у 2023 годзе міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Хмель, у 2020–2021 гадах на жыльлёва-камунальныя паслугі зь бюджэту сям’і трацілася ад 4,7 да 4,8% пры двух працоўных, якія атрымліваюць сярэднерэспубліканскі заробак і пражываюць у двухпакаёвай кватэры.

Цяпер, як разьлічваюць улады, сярэдняя сям’я, якая жыве ў двухпакаёвай кватэры, будзе траціць на ЖКГ 3,8% сямейнага бюджэту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скарачэньне дапамогі на дзяцей, падвышэньне пэнсійнага ўзросту. Што можа чакаць сацыяльны пакет беларусаў пасьля выбараў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка напярэдадні датэрміновага галасаваньня падпісаў указ аб павышэньні пэнсій