На Гомельшчыне пасьля арышту выйшлі на волю праваабаронца Целяпун і блогерка Гусарава

Турма ў Гомлі. Ілюстрацыйнае фота

Турма ў Гомлі. Ілюстрацыйнае фота

Пра іх вызваленьне паведаміла «Вясна».

«Гомельская Вясна» атрымала пацьверджаньне, што 30 студзеня вызвалілі з-пад адміністрацыйнага арышту вядомага мазырскага праваабаронцу Ўладзімера Целяпуна. Яго затрымалі 15 студзеня, а 17-га адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы, у якой яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Справу разглядала судзьдзя Марына Буглак.

Мяркуючы па даце вызваленьня, яна прызначыла яму арышт на 15 дзён.

Таксама на волю выйшла палітзьняволеная блогерка Вікторыя Гусарава. Блогерка паведаміла ў сваім Instagram, што знаходзіцца дома, дзе па ёй сумавалі.

17 студзеня ў Гомельскім абласным судзе распачаўся судовы працэс у дачыненьні да Вікторыі. Ей інкрымінавалі ч. 1 арт. 130 КК («Распальваньне варожасьці»). Справу разглядала судзьдзя Алеся Осіпава. Які прысуд яна вынесла Гусаравай, невядома.

Вікторыя — беларуская блогерка «gusarev_ka», яна мае больш за 32 тысячы падпісантаў у Instagram і больш за 17 тысяч — у TikTok, паведамляюць праваабаронцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 29 студзеня: трэці раз судзяць палітзьняволенага ўраджэнца Херсону; у Горадні судзяць мужа і жонку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: На абаронцу беларускай мовы Случака завялі крымінальную справу