Экспэрты выявілі на выбарах у Беларусі больш за 90 «палітычна перадузятых назіральнікаў»

Назіральнікі сочаць за галасаваньнем на выбарчым участку ў Менску, 26 студзеня 2025 году

Назіральнікі сочаць за галасаваньнем на выбарчым участку ў Менску, 26 студзеня 2025 году

Эўрапейская плятформа за дэмакратычныя выбары (EPDE) выявіла больш за 90 палітычна перадузятых «назіральнікаў», задзейнічаных на прэзыдэнцкіх выбарах 2025 году ў Беларусі «для апраўданьня іх фальсыфікацыі». Пра гэта гаворыцца ў справаздачы плятформы.

«Рэжым Лукашэнкі, сумна вядомы сыстэматычнымі парушэньнямі правоў чалавека і рэпрэсіямі супраць грамадзянскай супольнасьці, ствараў міжнародную легітымнасьць, запрашаючы старанна адабраных „назіральнікаў“, многія зь якіх мелі прамыя сувязі з аўтарытарнымі рэжымамі, зьвязанымі з Крамлём сеткамі дэзынфармацыі або крымінальнымі расьсьледаваньнямі», — гаворыцца ў справаздачы EPDE.

У справаздачы назіраньне за выбарамі ў Беларусі называюць «пастановачным прадстаўленьнем, арганізаваным з мэтай ухваліць ашуканскія выбары».

Прадстаўнік EPDE Лукаш Кандрацюк адзначыў, што на гэтых выбарах Беларусь парушыла свае абавязаньні перад АБСЭ, своечасова не запрасіўшы назіраць за выбарамі аўтарытэтныя міжнародныя арганізацыі, такія як БДІПЧ ці Парлямэнцкая асамблея АБСЭ. Між тым унутранае назіраньне за выбарамі было немагчымае, бо незалежныя арганізацыі былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» і ліквідаваныя, а іх лідэры — зьняволеныя ці вымушаныя пакінуць краіну, адзначаецца ў справаздачы.

ЦВК Беларусі акрэдытавала 486 міжнародных назіральнікаў, «дбайна адабраных для ўтойваньня абуральных парушэньняў дэмакратычных стандартаў», заявілі ў EPDE. Сярод іх, паводле зьвестак плятформы, — «былыя палітыкі ЭЗ, якія зьвязаныя з карупцыяй або маюць пракрамлёўскія сувязі, вельмі правыя экстрэмісты, асуджаныя злачынцы і нават уцекачы, якія знаходзяцца ў вышуку ў сваіх краінах». У некаторых, паводле зьвестак арганізацыі, ужо «ёсьць досьвед абяленьня сфальсыфікаваных выбараў у Расеі, Азэрбайджане і на акупаваных тэрыторыях Украіны».

EPDE апублікавала сьпіс з прозьвішчамі міжнародных назіральнікаў на выбарах у Беларусі, якіх яна лічыць «палітычна перадузятымі», і падрабязьней расказала пра некаторых зь іх. У сьпісе — назіральнікі з Аўстрыі, Бэльгіі, Баўгарыі, Бразыліі, Калюмбіі, Францыі, Грузіі, Нямеччыны, Вугоршчыны, Ірану, Італіі, Кеніі, Казахстану, Кіргізстану, Латвіі, Літвы, Малдовы, М’янмы, Пакістану, Польшчы, Расеі, Сэрбіі, Славаччыны, ПАР, Гішпаніі, Швэцыі, Швайцарыі, Турэччыны, ЗША, Узбэкістану і Зымбабвэ.

У сваёй заяве арганізацыя таксама заклікала абмежаваць доступ «фальшывых» назіральнікаў у Эўразьвяз: «Калі чалавек ухваляе фальсыфікаваныя выбары ў Беларусі як „дэмакратычныя“, ён не павінен мець магчымасьці карыстацца свабодамі сапраўдных дэмакратычных краін», — гаворыцца ў заяве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ПАРЭ пасьля тэрміновых дэбатаў заявіла пра «вострую неабходнасьць свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі»
  • 27 студзеня ЦВК абвясьціў Аляксандра Лукашэнку пераможцам на прэзыдэнцкіх выбарах, якія прайшлі ў Беларусі 26 студзеня. Паводле папярэдніх вынікаў сьцьвярджаецца, што ён нібыта атрымаў 86,82% галасоў. Канчатковыя вынікі выбараў-2025 падвядуць 3 лютага.
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку, які ва ўладзе больш за 30 гадоў і балятаваўся на сёмы прэзыдэнцкі тэрмін, насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
  • Пра непрызнаньне выбараў 2025 году ў Беларусі раней заявілі шэраг краінаў, сярод іх суседзі Беларусі — Літва, Польшча, Украіна і Латвія. У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. У МЗС Беларусі рэзалюцыю назвалі «найгрубейшым умяшаньнем у электаральныя працэсы сувэрэннай дзяржавы».
  • Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭЗ, Аўстралія, Вялікая Брытанія, Канада і Новая Зэляндыя ў супольнай заяве асудзілі выбары ў Беларусі

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
  • Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
  • У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.