У Міністэрстве замежных спраў Беларусі назвалі «найгрубейшым умяшаньнем у электаральныя працэсы сувэрэннай дзяржавы» праект заявы Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў, якую яна плянуе зрабіць па выніках выбараў 26 студзеня і якая нібыта «трапіла ў распараджэньне МЗС». Выбары ў Беларусі, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар.
«Выбары ў Беларусі толькі пачаліся, а ў дакумэнце ўжо ўсё асуджана і не прызнана», — заявіў на брыфінгу 22 студзеня прадстаўнік МЗС Беларусі Анатоль Глаз.
На думку Глаза, вывучаная МЗС заява Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў «ня мае нічога агульнага з рэальным станам спраў і закліканая аказаць ціск на свабоднае волевыяўленьне беларускіх грамадзян».
У якасьці прыкладу дыплямат прывёў цытату з праекту дакумэнту, у якой сказана, што «абмежаваньні на доступ незалежных мэдыя ў Беларусь сур’ёзна падарвалі легітымнасьць электаральнага працэсу». Прадстаўнік МЗС Беларусі назваў гэтыя сьцьвярджэньні «ілжывымі» і заявіў, што для асьвятленьня выбараў нібыта акрэдытавалі каля 330 замежных журналістаў, якія прадстаўляюць «усе вядучыя сусьветныя СМІ, у тым ліку незалежныя, з 23 краін».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без АБСЭ, але з парлямэнцкім сходам Саюзнай дзяржавы. Хто будзе назіраць за выбарамі ў БеларусіТаксама Анатоль Глаз заявіў пра «інсынуацыі» што да незапрашэньня місіі БДІПЧ АБСЭ назіраць за выбарамі. Паводле Глаза, адпаведнае запрашэньне на адрас бюро накіравалі, што 17 студзеня пацьвердзілі ў самім БДІПЧ АБСЭ, і «яны ўсё яшчэ маюць магчымасьць прыехаць». Разам з тым прадстаўнік МЗС Беларусі заявіў, што «гэта і ня мае прынцыповага значэньня», бо для назіраньня за выбарамі акрэдытавалі больш за 450 міжнародных назіральнікаў з 49 краінаў сьвету, і ўдакладніў, што сярод іх ёсьць прадстаўнікі Міжпарлямэнцкай асамблеі СНД, Парлямэнцкай асамблеі АДКБ, ШАС і Нарады па ўзаемадзеяньні і мерах даверу ў Азіі.
Глаз таксама сказаў, што ў заяве ўтрымліваецца «традыцыйны набор клішэ аб падтрымцы ЭЗ дэмакратычных правоў і фундамэнтальных свабодаў» і назваў гэта «чыстай крывадушнасьцю» на фоне «незаконных санкцыяў, якімі Эўразьвяз абклаў простых беларускіх грамадзян».
Прадстаўнік МЗС падкрэсьліў, што прыняцьце заявы Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў «стане чарговым доказам сплянаванага ўмяшаньня з боку ЭЗ ва ўнутраныя справы іншых краін, а таксама спробай прыкрыць і ўзаконіць свае злачынныя дзеяньні ў дачыненьні да Беларусі», і прыгразіў «адпаведным адказам» на «любыя падобныя дзеяньні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МЗС Беларусі паведамілі, што запрасілі АБСЭ назіраць за выбарамі. У БДІПЧ адказалі, чаму гэта позна- Сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 году. Шэраг заходніх краін і інстытуцыяў ужо зрабілі заявы аб тым, што ня маюць намеру прызнаваць іх вынікі. На пасяджэньні 22 студзеня Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю «Неабходнасьць дзеяньняў у барацьбе з працягам прыгнёту і фальшывых выбараў у Беларусі».
- Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар.
- У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.
- Ніводзін з кандыдатаў у час збору подпісаў і выступаў на тэлевізіі і радыё не крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку і не прапаноўваў абраць прэзыдэнтам новага чалавека.
- З 2001 году міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі не прызнаюць вынікаў выбараў у Беларусі.
Выбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны былі адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка адразу ж заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на 5 гадоў. Гэтыя выбары сталі сёмымі для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада пасьля гэтага выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Гэтыя выбары ў Беларусі пры Лукашэнку насілі, паводле міжнародных арганізацый, несвабодны і недэмакратычны характар. Выбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах шырокамаштабных рэпрэсій і палітычнага крызісу, які цягнецца ад папярэдніх прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.
- Паводле ЦВК, яўка на выбарах склала 86,82%. Ужо ў ноч на 27 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што за Лукашэнку прагаласавалі 86,82% выбарнікаў. 3 лютага ў ЦВК заявілі, што згодна з канчатковымі вынікамі Аляксандар Лукашэнка атрымаў 5 136 293 галасы (86,82%), Сяргей Сыранкоў — 189 740 галасоў, Алег Гайдукевіч — 119 272 галасы, Ганна Канапацкая — 109 760 галасоў, Аляксандар Хіжняк — 102 789 галасоў.
- У Эўрапарлямэнце 22 студзеня ўхвалілі рэзалюцыю, у якой заклікалі не прызнаваць прэзыдэнцкія выбары 26 студзеня і легітымнасьць Лукашэнкі. Праваабаронцы Libereco і «Вясны» назвалі выбары ў Беларусі «прапагандысцкім шоў», Міжнародны інстытут дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам — «„самапрызначэньнем“ Лукашэнкі», а гендакладчык ПАРЭ па дэмакратычнай Беларусі Рышард Пэтру заявіў, што яны «стануць чарговай фікцыяй». У Amnesty International адзначылі ўзмацненьне палітычных рэпрэсій перад выбарамі.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не прызнала міжнародная супольнасьць, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі. Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца дагэтуль. У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў. У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў больш за 1,8 тысячы некамэрцыйных арганізацыяў. Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы.