У Беларусі на тры гады падоўжылі «будаўнічую амністыю»

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

«Будаўнічая амністыя» азначае магчымасьць падаць дакумэнты на пабудаваныя без дазволу дамы дзеля іх спрошчанага прыёму ў эксплюатацыю.

Адпаведны ўказ падпісаў 13 студзеня Аляксандар Лукашэнка.

Размова ідзе аб прадаўжэньні спрошчанага парадку прыёмкі ў эксплюатацыю аднакватэрных жылых дамоў і нежылых пабудоў, узьведзеных людзьмі без дазволаў і праектнай дакумэнтацыі. Выключэньне складаюць пабудовы, разьмешчаныя ў сталіцы Беларусі Менску.

Згодна з указам, заявы аб прыёме ў эксплюатацыю такіх пабудоў грамадзяне могуць падаць да 1 студзеня 2028 году.

Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы атрымалі права прымаць у эксплюатацыю названыя аб’екты, якія, у сваю чаргу, ня будуць прызнавацца самавольнымі.

Указ дазволіць узаконіць самавольныя пабудовы, узьведзеныя ў краіне на зямельных участках, атрыманых людзьмі да 1 верасьня 2022 году.

Адпаведныя зьмяненьні ўнесьлі ва ўказ ад 25 ліпеня 2022 году № 253 «Аб спрошчаным парадку прыёму ў эксплюатацыю аб’ектаў будаўніцтва».

Раней да 1 студзеня 2028 году ў Беларусі таксама працягнулі магчымасьць легалізаваць самавольна занятыя зямельныя ўчасткі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самая вялікая параза міністра Латушкі. Як у Менску зьнесьлі першую электрастанцыю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Будаўніцтва новых кватэр у Беларусі сёлета істотна зьменшылася ў параўнаньні зь мінулым годам