Кіраўніца Сэнату Польшчы: Выбары ў Беларусі мы не прызнаем

Сьвятлана Ціханоўская і Малгажата Кідава-Блоньска, Варшава, 9 студзеня 2024

«Псэўдавыбарамі» назвала прэзыдэнцкую выбарчую кампанію ў Беларусі кіраўніца Сэнату Польшчы Малгажата Кідава-Блоньска на брыфінгу па выніках сустрэчы з дэмакратычнай лідэркай Беларусі Сьвятланай Ціханоўскай 9 студзеня ў Варшаве, цытуе яе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

«Мы абавязаліся, што з польскага Сэнату будзе вельмі моцны сыгнал і голас, што мы гэтыя выбары не прызнаем, — сказала сьпікерка Сэнату. — Нельга казаць пра свабодныя выбары, калі больш за 1300 чалавек сядзяць у турмах, асуджаныя за палітычныя погляды, за тое, што жадаюць дэмакратыі».

Яна выказала надзею, што аналягічная ацэнка кампаніі прагучыць у Сэйме Польшчы, а таксама ад іншых эўрапейскіх парлямэнтаў.

«Гэтая ўлада ня можа быць намі прызнаная», — падкрэсьліла Малгажат Кідава-Блоньска.

Другой вельмі важнай справай палітык назвала падрыхтоўку ў польскім парлямэнце «дарожнай мапы» супрацоўніцтва зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі, прысьвечаную таму, «як падрыхтаваць Беларусь да нармальнага функцыянаваньня — як стварыць добрае заканадаўства, як падрыхтаваць інстытуты, якія дазволяць Беларусі паўнавартасна ўдзельнічаць у жыцьці Эўразьвязу».

Падчас сустрэчы зь Ціханоўскай размова, паводле яе, таксама ішла аб адказнасьці Аляксандра Лукашэнкі «за злачынствы, якія ён учыніў»: «Ня можа быць так, што гэта ня будзе намі асуджана. Кожны, хто парушае правы чалавека, кожны, хто парушае дэмакратычнае права, павінен за гэта панесьці адказнасьць і павінен быць за гэта асуджаны».

Акрамя таго, Кідава-Блоньска заявіла пра немагчымасьць прызнаньня якіх-небудзь дакумэнтаў, падпісаных Лукашэнкам з Уладзімірам Пуціным: «Беларусь ня можа за такія дэклярацыі як дзяржава, як грамадзяне, несьці адказнасьць».

Яна нагадала, што дэмакратычная Беларусь зьяўляецца адным з прыярытэтаў польскага старшыняваньня ў ЭЗ, якое працягнецца ў першай палове 2025 году.

Ціханоўская на брыфінгу паведаміла, што вядзецца праца над пагадненьнем аб супрацоўніцтве дэмакратычных сілаў Беларусі з парлямэнтам Польшчы.

  • Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар. У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.
  • З 2001 году міжнародная супольнасьць і незалежныя назіральнікі не прызнаюць вынікі выбараў у Беларусі.
  • 19 сьнежня 2024 году старшыня камітэту ў міжнародных справах Сэнату Кангрэсу ЗША Бэн Кардын і кіраўнікі камітэтаў у замежных і эўрапейскіх справах парлямэнтаў Італіі, Гішпаніі, Літвы, Польшчы, Украіны і Эстоніі, якія далучыліся да яго, выступілі з супольнай заявай, у якой заклікалі «не прызнаваць фіктыўных выбараў Лукашэнкі і адмовіць яму ў легітымнасьці, якой той дамагаецца».
  • Старшыня Старшыня Сейма Літвы Саўлюс Сквярняліс 7 студзеня заявіў, што Літва «ня можа называць працэс, які будзе адбывацца ў Беларусі, выбарамі».
  • У МЗС Нямеччыны заявілі, што «ў агульным кантэксьце масавых рэпрэсій правядзеньне ў Беларусі 26 студзеня 2025 году свабодных і сумленных выбараў уяўляецца немагчымым».

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
  • У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
  • У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
  • У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
  • Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.
  • 97% членаў выбаркамаў працавала на папярэдніх выбарах, вынікае з дакладу ініцыятывы былых сілавікоў BelPol.