Генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед анансаваў новыя гучныя крымінальныя справы аб карупцыі. У прыватнасьці, паводле яго, крымінальную справу за хабар завялі супраць дырэктара аднаго з прадпрыемстваў лясной галіны Магілёўскай вобласьці, піша расейскае агенцтва Sputnik Беларусь.
«На пачатку гэтага году пракуратура завяла некалькі крымінальных спраў у дачыненьні да кіраўніка магілёўскага прадпрыемства лясной галіны, які на працягу некалькіх гадоў атрымліваў хабар у агульнай суме ня менш за 300 тысяч рублёў», — паведаміў Андрэй Швед.
Генпракурор Беларусі таксама анансаваў новыя гучныя крымінальныя справы карупцыйнай скіраванасьці. «Бліжэйшым часам будзе рэалізаваны шэраг іншых матэрыялаў карупцыйнай накіраванасьці», — адзначыў ён.
Сёньня ў Генпракуратуры пройдзе пасяджэньне па барацьбе са злачыннасьцю і карупцыяй, на якім будуць прысутнічаць міністар абароны Віктар Хрэнін, кіраўнік МУС Іван Кубракоў, старшыня СК Дзьмітрый Гара, начальнік ААЦ пры прэзыдэнту Андрэй Паўлючэнка, старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Ўладзімер Арлоўскі, кіраўнік МНС Вадзім Сіняўскі, кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Аляксандар Хаджаеў.
- У траўні 2022 году пасады пазбавіўся міністар лясной гаспадаркі Віталь Дрожжа за «ўчынак, несумяшчальны зь дзяржаўнай службай». У студзені 2023 году «галоўнага лесьніка краіны» Віталя Дрожжу асудзілі на 7 гадоў і 6 месяцаў калёніі за хабар у асабліва буйным памеры (30 тысяч даляраў). Па вэрсіі сьледзтва, Дрожжа браў хабар у прадстаўніка замежнай кампаніі, у якой пасьля міністэрства закупляла тэхніку.
- У верасьні 2023 году Віталь Дрожжа быў памілаваны Лукашэнкам, выйшаў на свабоду і ўзначаліў адно з падразьдзяленьняў Нацыянальнага парку «Белавеская пушча».