Каля Лос-Анджэлесу – маштабныя лясныя пажары. Эвакуавалі больш за 32 тысячы чалавек, ёсьць загінулыя

Сама меней два чалавекі загінулі ў маштабных лясных пажарах вакол Лос-Анджэлесу. У навакольлях гораду гараць жылыя дамы, эвакуавалі ўжо больш за 32 тысячы чалавек.

8 студзеня падчас маштабных лясных пажараў, якія ахапілі навакольлі Лос-Анджэлесу, у каньёне Ітан, зялёнай зоне на паўночны ўсход ад горада загінулі два чалавекі, паведамляе АР. Агнём ахопленыя больш за 800 гектараў.

Пажары падышлі ўшчыльную да гарадзкой забудовы, гараць жылыя дамы. Больш за 32 тысячы чалавек ужо эвакуавалі, эвакуацыя працягваецца. Акрамя таго, тысячы жыхароў акругі пакідаюць свае дамы самастойна. У акрузе аб'яўлены рэжым надзвычайнай сытуацыі.

У раёне Пасіфік-Палісэйдс – адным з найбольш дарагіх і прэстыжных у штаце і ў цэлым у ЗША, – агонь ужо зьнішчыў больш за тысячу будынкаў, сама меней 28 тысяч пабудоваў знаходзяцца пад пагрозай, піша CNN. Улады закрылі дзясяткі школаў. Фэдэральная авіяцыйная адміністрацыя забараніла палёты над ахопленымі пажарам раёнамі.

Адміністрацыя Лос-Анджэлесу папрасіла гараджан назапасіць вады, паколькі агонь можа пашкодзіць сыстэму водаправода. Мэр гораду Карэн Бас папярэдзіла пра сурʼёзнае задымленьне і рэкамэндавала гараджанам заставацца дома, шчыльна зачыняць вокны і дзьверы і насіць ахоўныя маскі.

Кіраўнік пажарнай аховы акругі Лос-Анджэлес Энтані Маронэ прызнаў, што яго служба не спраўляецца з тушэньнем агню. «Мы былі гатовыя да аднаго або двух буйных пажараў, але не да чатырох адначасова», – сказаў ён. На дапамогу выклікалі рэзэрвістаў і пажарных з суседніх акругаў.

Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у сацсетцы Truth усклаў адказнасьць за пажары на губэрнатара штата Каліфорнія Гэвіна Ньюсама (Дэмакратычная партыя), які раней адмовіўся ўзгадніць праект пераразьмеркаваньня водных рэсурсаў у штаце. На думку Ньюсама, пераразьмеркаваньне пагражала б біяразнастайнасьці ў мясцовых вадаёмах, на думку Трампа – стварыла б запасы вады для тушэньня пажараў. Пры гэтым Трамп сказіў прозьвішча Ньюсама, прымусіўшы яго рыфмавацца са словам «scum» («гідота»).

Паводле ацэнак фінансавай кампаніі J.P. Morgan, ужо нанесеная агнём шкода можа дасягаць 10 мільярдаў даляраў.

Лясныя пажары ў ваколіцах Лос-Анджэлесу пачаліся 7 студзеня. Вядома пра 4 асноўныя ачагі пажару, якія хутка павялічыліся ў памерах з прычыны сухога і ветранага надворʼя. У Паўднёвай Каліфорніі, дзе разьмешчаны Лос-Анджэлес, з траўня выпала ўсяго 2,5 мілімэтра ападкаў.