Хроніка перасьледу 8 студзеня: жанчыну з інваліднасьцю будуць судзіць за «паклёп» на Лукашэнку

Суд у Гомлі. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў.

Жанчыну з інваліднасьцю, якую хацелі выселіць з кватэры, судзяць за «паклёп» на Лукашэнку

13 студзеня ў судзе Савецкага раёну Гомля адбудзецца працэс у дачыненьні да Натальлі Васіленкі, якой інкрымінавалі ч. 2 арт. 367 КК («Паклёп на прэзыдэнта»). Як піша «Вясна», справу будзе разглядаць судзьдзя Дзьмітры Юр'евіч.

Гомельскае камунальнае рамонтна-эксплюатацыйнае прадпрыемства «Савецкае» падавала пазовы на высяленьне Натальлі з жылога памяшканьня (пакой плошчай 17 кв. м), у якім яна жыве з 1976 году, без прапановы іншага жыльля, з прычыны запазычанасьці па аплаце.

У судзе высьветлілася, што ў жанчыны няма шкодных звычак і канфліктаў з суседзямі, няма і блізкіх сваякоў. Пасьля таго, як сытуацыя набыла розгалас, Натальлі дапамагалі з аплатай розныя людзі.

Некалі жанчына працавала ў будаўнічай арганізацыі. Аднак у 2011 годзе захварэла, у 2014-м атрымала інваліднасьць 3-й групы па агульным захворваньні, а ў 2016 годзе ў яе здарыўся інсульт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 6 студзеня: вайсковага лётчыка будуць судзіць за «абразу Лукашэнкі»