У МЗС Польшчы анансавалі чарговае ўзмацненьне кантролю пры выдачы візаў

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск

МЗС Польшчы падрыхтавала праект зьмяненьняў у правілы выдачы візаў, які неўзабаве будзе накіраваны ў Сэйм.

Як паведамляе Польскае радыё, намесьніца міністра замежных спраў Польшчы Гэнрыка Масьціцкая-Дэндыс патлумачыла, што новыя правілы прызначаны для ўзмацненьня кантролю над працэсам выдачы віз:

«Са студзеня мінулага году мы працуем над тым, каб аднавіць кантроль за ўездам іншаземцаў у Польшчу. Мы павінны ведаць, хто і зь якой мэтай атрымлівае польскую візу, каб польская віза перастала быць самым простым спосабам легалізацыі знаходжаньня ў Шэнгенскай зоне, як гэта было ў папярэднія гады».

У 2020–2023 гадах Польшча выдала 47% усіх візаў у Шэнгенскай зоне.

Гэнрыка Масьціцкая-Дэндыс дадала, што на гэты момант выкананьне працэдур выдачы візаў значна палепшанае, а ў сьнежні ўрад прыняў пакет з чатырох законаў у гэтым пытаньні.

Урад Польшчы ў новым пакеце праектаў законаў, які ў сьнежні 2024 году перадалі на разгляд у Сэйм, прапануе зрабіць больш строгім візавае заканадаўства і закон аб даваньні прытулку.

Згодна з праектам, сярод іншага, стане больш жорсткай сыстэма выдачы візаў для навучаньня. Зьмены закрануць, напрыклад, прызнаньне сэртыфікатаў.

Зьмены будуць датычыцца таксама выдачы дазволаў на працу іншаземцам і іх працаўладкаваньня. Іншаземцу адмовяць у дазволе на працу, калі знойдуцца сьведчаньні таго, што заява пададзеная без рэальных намераў і дазвол будзе выкарыстоўвацца не паводле прызначэньня, нагадвае polskieradio.

Паводле прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска, польская дзяржава аднаўляе кантроль над сваімі межамі і міграцыяй пасьля гадоў хаосу і карупцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Польшчы прапанаваў закон, які дазваляе часова спыняць прыём заявак аб наданьні прытулку