У Паўночнай Карэі заявілі, што апошнім выпрабаваньнем зброі была новая гіпэргукавая ракета сярэдняй далёкасьці, прызначаная для нанясеньня удараў па аддаленых цэлях у Ціхім акіяне. Кіраўнік дзяржавы Кім Чэн Ын паабяцаў і далей пашыраць сваю калекцыю зброі, здольнай несьці ядзерныя зарады, для барацьбы з тымі, каго Пхэньян лічыць праціўнікамі, піша агенцтва AP.
Ракета, якую паказалі СМІ КНДР 6 студзеня 2025
Паведамленьне паўночнакарэйскіх дзяржаўных СМІ зьявілася на наступны дзень пасьля таго, як паўднёвакарэйскія вайскоўцы заявілі, што выявілі, што КНДР запусьціла ракету, якая праляцела 1100 км, перш чым прызямліцца ў водах паміж Карэйскім паўвостравам і Японіяй.
Ракета, якую паказалі СМІ КНДР падчас старту ў нераскрытым месцы 6 студзеня 2025
Летась Паўночная Карэя прадэманстравала некалькі сыстэмаў узбраеньня, якія могуць нацэльвацца на яе суседзяў і ЗША, у тым ліку цьвёрдапаліўныя міжкантынэнтальныя балістычныя ракеты, і ёсьць асьцярогі, што яе вайсковыя магчымасьці могуць прасунуцца далей за кошт перадачы тэхналёгій з Расеі. Дзьве гэтыя дзяржавы ўжо супрацоўнічаюць у вайне супраць Украіны, паўночнакарэйскія вайскоўцы бяруць удзел у баявых дзеяньнях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка хваравіта ўспрыняў зьяўленьне войскаў КНДР на расейска-ўкраінскім фронцеУ апошнія гады Паўночная Карэя правяла выпрабаваньні розных ракет сярэдняй далёкасьці, якія ў выпадку ўдасканаленьня могуць дасягнуць ціхаакіянскага вайсковага цэнтру ЗША на Гуаме. У апошнія месяцы Пхэньян выпрабоўваў спалучэньне гэтых ракет зь меркаванымі гіпэргукавымі боегалоўкамі для павышэньня іх жывучасьці.
Кім Чэн Ын
Паўночная Карэя з 2021 году выпрабоўвае розную звышгукавую зброю, прызначаную для палёту з больш як у пяць разоў большай за гукавую хуткасьцю. Хуткасьць і манэўранасьць такой зброі дазваляюць супрацьстаяць рэгіянальным сыстэмам супрацьракетнай абароны. Аднак незразумела, ці пастаянна гэтыя ракеты ляцяць з той хуткасьцю, пра якую гаворыць паўночнакарэйская прапаганда.
Дзяржаўныя СМІ Паўночнай Карэі заявілі, што Кім асабіста кіраваў запускам і што зброя праляцела 1500 км, падчас якіх яна дасягнула двух розных пікаў у 99,8 км і 42,5 км і дасягнула хуткасьці, 12 у разоў вышэйшай за хуткасьць гуку, перш чым дакладна паразіць марскую цэль.
Лі Сон Джун, прэс-сакратар Аб’яднанага камітэту начальнікаў вайсковых штабоў Паўднёвай Карэі, заявіў, што паўднёвакарэйскія вайскоўцы лічаць, што Паўночная Карэя перабольшвае магчымасьці сваёй сыстэмы, заяўляючы, што ракета пакрыла меншую адлегласьць і што другога піку не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўночная Карэя перастала выкарыстоўваць каляндар Чучхэ. Што гэта значыць