Кангрэс ЗША сэртыфікаваў перамогу Трампа на выбарах прэзыдэнта ЗША

Вежа Капітолія — сядзібы Кангрэсу ЗША.

Кангрэс Злучаных Штатаў на адмысловым сумесным пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў і Сэнату 6 студзеня сэртыфікаваў вынікі выбараў прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта ЗША і канчаткова зацьвердзіў перамогу рэспубліканцаў Дональда Трампа і Джэймза Вэнса.

Пасяджэньне вяла дзейная віцэ-прэзыдэнтка ЗША Камала Гарыс.

Гэтая працэдура па сутнасьці зьяўляецца фармальнасьцю — у ходзе яе зачытваюцца дадзеныя аб галасаваньні калегіі электараў у кожным са штатаў. Чальцы Палаты прадстаўнікоў або сэнатары могуць паставіць пад сумнеў вынікі ў тым ці іншым штаце, аднак, як правіла, гэта вядзе толькі да невялікіх працэдурных затрымак і працэс сэртыфікацыі працягваецца далей, аж да абвяшчэньня пераможцы выбараў будучым прэзыдэнтам ЗША.

У 2021 годзе, аднак, пасяджэньне Кангрэсу, на якім павінныя былі сэртыфікаваць перамогу Джо Байдэна над Трампам, які тады займаў пасаду прэзыдэнта, было перапыненае пасьля таго, як у будынак Капітолія ўварваліся сотні прыхільнікаў Трампа. Яны імкнуліся да таго, каб сарваць працэдуру. Трамп тады не прызнаў перамогі Байдэна і заклікаў сваіх прыхільнікаў змагацца за ўсталяваньне, як ён сьцьвярджаў, сапраўдных вынікаў выбараў (ён заяўляў аб сваёй перамозе), хоць адкрыта і не падбухторваў сваіх прыхільнікаў да нападу на Капітолій.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША калегія электараў зацьвердзіла перамогу Дональда Трампа на выбарах прэзыдэнта

Улады ЗША ахарактарызавалі падзеі 6 студзеня 2021 года як спробу мяцяжу. Падчас сутыкненьняў загінулі некалькі чалавек. Працэдуру сэртыфікацыі ўрэшце удалося правесьці з затрымкай на некалькі гадзінаў. Трампу быў абвешчаны імпічмэнт (Сэнат пасьля адмовіўся яго абвінаваціць). Сотні ўдзельнікаў уварваньня ў Капітолій былі асуджаныя, некаторыя на працяглыя тэрміны. Супраць самога Трампа распачалі крымінальную справу, якая, аднак, не дайшла да суду.

Камэнтатары адзначалі, што сёлета Трамп, які спрабаваў паўплываць на працэдуру сэртыфікацыі ў 2021 годзе, сам чакаў яе ў якасьці абранага прэзыдэнта. На гэты раз маштабных пратэстаў ля будынка Капітолія не плянавалася: дэмакраты прызналі перамогу Трампа. Рэспубліканцы маюць большасьць у абедзьвюх палатах Кангрэса, што гарантавала сэртыфікацыю вынікаў выбараў, нават калі дэмакраты спрабавалі б ставіць яе пад сумнеў, чаго яны не плянавалі рабіць.

Інаўгурацыя абранага прэзыдэнта мае прайсьці 20 студзеня 2025 году.