У лёхах Катэдральнага сабору ў Вільні знайшлі схованку з рэгаліямі каралёў і вялікіх князёў

Віленская катэдра.

Як паведамляе агенцтва DELFI з спасылкай на Віленскую дыяцэзію рымска-каталіцкай царквы, каралеўскія і вялікакняскія каштоўнасьці былі схаваныя ў лёхах катэдры ў 1939 годзе.

Схованку, у якой перад Другой сусьветнай вайной былі схаваныя каштоўнасьці — каралеўскія і вялікакняскія рэгаліі — знайшлі 16 сьнежня 2024 году. Пра гэта расказаў мітрапаліт Гінтарас Грушас.

Паводле слоў Грушаса, у тайніку знайшлі інсыгніі (рэгаліі) уладароў Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага — Аляксандра, Лізаветы і Барбары. Гэта карона вялікага князя літоўскага і караля польскага Аляксандра, карона Лізаветы Габсбург, яе ланцуг, мэдальён, пярсьцёнак і рытуальная шыльда з труны, карона Барбары Радзівіл, яе скіпэтар, дзяржава, тры пярсьцёнкі, ланцуг і дзьве рытуальныя шыльды з труны.

У сувязі з гэтым адкрыцьцём у панядзелак, 6 студзеня, у Музэі царкоўнага мастацтва адбылася прэсавая канфэрэнцыя.

У прэсавай канфэрэнцыі ўзялі ўдзел арцыбіскуп Віленскі, мітрапаліт Гінтарас Грушас, эканом Віленскай дыяцэзіі Мікалас Юозапавічус, дырэктар Музэю царкоўнай спадчыны Рыта Паўлюкявічуце, дырэктар Вялікакняскага палаца Відас Далінскас, загадчык аддзелу археалёгіі Вялікакняскага палацу Гінтаўтас Стрышка.