З 1 студзеня Польшча ўзначаліла ЭЗ на шэсьць месяцаў, урачыстая інаўгурацыя польскага старшынства адбудзецца ўвечары 3 студзеня ў Варшаве, паведамляе польскі сайт Onet.pl.
Там чакаецца выступ старшыні Эўрапэйскай рады Антонію Кошты, прэм'ера Польшчы Дональда Туска, а таксама акрэдытаваных у Варшаве амбасадараў.
Пасла Вугоршчыны першапачаткова запрасілі на ўрачыстую інаўгурацыю старшынства Польшчы ў ЭЗ. Аднак, як паведамляе Onet, польскія ўлады выказалі нежаданьне бачыць вугорскага амбасадара на гэтай імпрэзе. Сікорскі, паводле зьвестак выданьня, накіраваў у вугорскае пасольства ў Варшаве ноту, у якой указваецца, што ўдзел вугорскага пасла ў цырымоніі «не прадугледжаны». Вугорцы могуць дэлегаваць на цырымонію дыплямата ніжэйшага рангу, але пакуль невядома, ці скарыстаюцца яны гэтай магчымасьцю, адзначае Onet.pl.
Першапачаткова вугорскага пасла запрасілі на цырымонію (некалькі тыдняў таму) і ён нават пацьвердзіў сваю прысутнасьць, паведамляе Rzeczpospolita.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вугоршчына дала палітычны прытулак польскаму дэпутату ад апазыцыі РаманоўскамуУ чым прычына дэмаршу
Раней стала вядома, што Вугоршчына дала палітычны прытулак польскаму дэпутату ад апазыцыі Марціну Раманоўскаму. Ён зьвярнуўся да ўраду Вугоршчыны па абарону нібыта «ў сувязі з палітычна матываванымі дзеяньнямі спэцслужбаў, якія прывялі, у тым ліку, да незаконнага пазбаўленьня яго волі і парушэньня міжнароднага права».
Суд выдаў эўрапэйскі ордэр на арышт дэпутата «Права і справядлівасьць» Марціна Раманоўскага. Былога віцэ-міністра юстыцыі цяпер шукаюць ня толькі ў Польшчы, але і ва ўсім Эўразьвязе.
Праз прадастаўленьне Вугоршчынай прыстанішча былому наместніку міністра юстыцыі Марціну Раманоўскаму адносіны паміж Польшчай і Вугоршчынай рэзка пагоршыліся.
Паводле выстаўленых абвінавачаньняў Раманоўскаму ў Польшчы пагражае да 25 гадоў турмы.
Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан паведаміў, што рашэньне аб прадастаўленьні прытулку Раманоўскаму было прынята на аснове дэталёвай справаздачы аб стане правасудзьдзя ў Польшчы, падрыхтаванай вугорскім бокам. Орбан таксама намякнуў, што Раманоўскі можа быць не апошнім палякам, які папросіць прыстанішча ў Вугоршчыне.
Пасьля зьяўленьня інфармацыі аб прытулку Раманоўскаму МЗС Польшчы перадаў вугорскаму паслу ноту пратэсту, а польскі пасол у Вугоршчыне быў выкліканы ў Варшаву на кансультацыі. МЗС падкрэсьліў, што дзеяньні вугорскіх уладаў, якія абгрунтоўваюць прадастаўленьне прыстанішча «меркаваным палітычным перасьледам», зьяўляюцца абразьлівымі для грамадзян і ўлад Польшчы.
Польшча прымае старшынства ў Эўразьвязе менавіта ад Вугоршчыны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вугоршчыну пазбавілі права на атрыманьне мільярднай датацыі ад Эўразьвязу