Ужо сёньня: дзень нараджэньня Багдана Андрусышына (Данчыка)

Багдан Андрусышын (Данчык)

Падзеі 3 студзеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

3 студзеня 1958 году ў Нью-Ёрку нарадзіўся Багдан Андрусышын (Данчык), культавы сьпявак для беларусаў 90-х і журналіст, нашчадак айцоў-заснавальнікаў БНР братоў Луцкевічаў. Скончыў Унівэрсытэт Нью-Ёрку са ступеньню бакаляўра журналістыкі. Працаваў на Свабодзе з 1992 да 2021 году. Як музыка выдаў 6 альбомаў беларускіх песень.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я быў аж празьмерна шчырым». Расповеды Данчыка, якія шакавалі кансэрватыўную Беларусь

Таксама ў гэты дзень

1906 — у Менску пачала выдавацца расейская нацыяналістычная газэта «Минское слово».

1918 — створаны Выканкам Рады Ўсебеларускага Зьезду.

1925Бэніта Мусаліні распусьціў парлямэнт і прыняў тытул «дучэ» (правадыр).

1959 — Аляска была прызнаная 49-м штатам ЗША.

2021 — затрымалі актывістку «Эўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнду-Панасюк. Ёй прад’явілі абвінавачваньні па арт. 364 Крымінальнага кодэксу (Гвалт у дачыненьні да супрацоўніка міліцыі) за тое, што нанесла драпіну аднаму з міліцыянтаў, а таксама паводле арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады), арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі). У 2021 годзе яе асудзілі на 2 гады зьняволеньня, але з таго часу ўжо тройчы дадавалі па годзе зьняволеньня нібыта за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская Жанна д’Арк. Хто такая Паліна Шарэнда-Панасюк, якую за кратамі судзілі ўжо тройчы

У гэты дзень нарадзіліся

1738 — Казімер Нарбут, філёзаф і асьветнік.

1779 — Францішак Дзеружынскі, рэлігійны дзяяч, асьветнік у Беларусі і ЗША.

1821 — Міхал Башылаў, беларускі мастак, ілюстратар.

1833 — Фёдар Леантовiч, гісторык права ВКЛ.

1850Соф’я Кавалеўская, матэматык і мэханік, пісьменьніца і публіцыстка, першая ў сьвеце жанчына-прафэсар. Яна зьявілася на сьвет у Маскве ў беларускай шляхецкай сям’і Корвін-Крукоўскіх.

1905 Уладзімер Хадыка, беларускі паэт.

1944 Міхась Раманюк, беларускі этнограф. Заснаваў часопіс «Мастацтва Беларусі» і стаў ягоным першым галоўным рэдактарам. Стварыў сцэнічныя строі для Дзяржаўнага народнага хору і Дзяржаўнага ансамбля танцу Беларусі. У 1981 годзе выдаў альбом «Беларускае народнае адзеньне», які складаецца з архіўных фатаздымкаў ды фота, зробленых аўтарам падчас экспэдыцыяў 1967–1980 гадоў.

1945 Віктар Дашкевіч, актор Віцебскага тэатру, першая ахвяра каранавірусу ў Беларусі.

1946 Тадэвуш Кандрусевіч, арцыбіскуп, кіраўнік касьцёла ў Беларусі.

1947Васіль Гігевіч, беларускі пісьменьнік-фантаст.

У памяці

1855 — Антон Марцiноўскi, выдавец і літаратар.

1923—Яраслаў Гашак, чэскі пісьменьнік.

1951 Ёсіф Лангбард, архітэктар, які запраектаваў Опэрны тэатар, Дом ураду, Дом афіцэраў і Акадэмію навук у Менску. Нарадзіўся Лангбард у габрэйскай сям’і ў Бельску на Падляшшы.

Ёсіф Лангдбард

2018Людміла Яфімава, хормайстар капэлы імя Рагора Шырмы, народная артыстка Беларусі.

2022 Адам Мальдзіс, беларускі літаратуразнаўца, гісторык, пісьменьнік.