Памерла найстарэйшая алімпійская чэмпіёнка ў сьвеце. Ёй было 103 гады

Агнэш Келеці

Агнэш Келеці перажыла Галакост, а на Алімпіядах здабыла агулам 10 мэдалёў.

У Будапэшце ва ўзросьце 103 гадоў памерла алімпійская чэмпіёнка Агнэш Келеці. Пра гэта паведаміла нацыянальнае вугорскае навінавае агенцтва. Жанчыну ў крытычна цяжкім стане з пнэўманіяй шпіталізавалі 25 сьнежня, піша AP.

Келеці прадставіла Вугоршчыну на дзьвюх Алімпіядах — у Хэльсынкі ў 1952-м і ў 1956-м у Мэльбурне, на якіх заваявала 10 мэдалёў у спартовай гімнастыцы, у тым ліку 5 залатых.

Спартоўка страціла бацьку і некалькіх родных у час Галакосту. Іх забілі ў Аўшвіцы. Самой ёй у час масавага зьнішчэньня габрэяў давялося ўцякаць у вёску. Вайну яна перачакала там, працуючы пакаёўкай пад чужымі дакумэнтамі, каб не паказаць свайго габрэйскага паходжаньня і ня быць выдадзенай нацыстам. Перад вайной яе выключылі са спартовых спаборніцтваў вугорскія ўлады пасьля ўвядзеньня пастановы пра недапушчальнасьць удзелу ў спартовых суполках атлетаў з габрэйскімі каранямі.

Маці і сястра Агнэш Келеці перажылі Галакост дзякуючы дапамозе швэдзкага дыплямата Рауля Валенбэрга.

Агнэш Келеці ў 2020 годзе

На сваё 100-годзьдзе Келеці сказала, што пачуваецца на 60 гадоў. Яна адзначала, што мае добрае здароўе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі спорт у 2024-м: працяг ізаляцыі, посьпех Сабаленкі, паралімпійскі рэкорд Бокага
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мой час яшчэ не прыйшоў». Вялікая размова зь вершніцай Вольгай Сафронавай, якая засталася ўжо без другой Алімпіяды