28 сьнежня, роўна празь месяц пасьля заявы грузінскага прэм’ера Іраклія Кабахідзэ аб прыпыненьні эўраінтэграцыі да 2028 году, па ўсёй Грузіі прайшла маштабная антыўрадавая акцыя пратэсту пад назвай «Ланцуг адзінства».
Людзі сабраліся ў «Ланцуг адзінства» ва ўсіх буйных гарадах Грузіі. Самая працяглы «ланцуг» у Тбілісі злучыў правую і левую набярэжныя і сем мастоў грузінскай сталіцы. У выніку часткова быў паралізаваны аўтамабільны рух.
Да акцыі далучыліся, у прыватнасьці, усе асноўныя апазыцыйныя партыі Грузіі, а таксама студэнты, прадстаўнікі недзяржаўных арганізацый, бізнэсоўцы, прадстаўнікі сфэры культуры, а таксама прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі і дэпутаты Эўрапарлямэнту Міхал Ваўрыкевіч (Польшча) і Дайнюс Жалімас (Літва), якія прыбылі ў Тбілісі.
У «Ланцугу адзінства» 28 сьнежня прымаюць удзел і грузінскія эмігранты. Зборы арганізаваныя ў 40 гарадах Эўропы і ЗША.
- Напярэдадні акцыі ЗША аб’явілі пра ўвядзеньне фінансавых санкцыяў супраць заснавальніка і ганаровага старшыні кіроўнай прарасейскай партыі «Грузінская мара» Бідзіны Іванішвілі. Яго абвінавачваюць «у падрыве дэмакратычнай і эўраатлянтычнай будучыні Грузіі ва ўгоду Расеі».
- 29 сьнежня кіроўная «Грузінская мара» плянуе правесьці інаўгурацыю былога футбаліста Міхаіла Кавелашвілі, зацьверджанага на пасаду прэзыдэнта Грузіі Выбарчай калегіяй. Дзейная прэзыдэнтка Саламэ Зурабішвілі, грузінская апазыцыя, а таксама частка міжнародных партнэраў Грузіі не прызналі легітымнасьць новага парлямэнта і прэзыдэнта. Кангрэсмэн-рэспубліканец Джо Уілсан заявіў, што адзіным легітымным лідэрам краіны зьяўляецца Зурабішвілі, і запрасіў яе на інаўгурацыю Дональда Трампа, якая пройдзе 20 студзеня 2025 году.