Зьвязаны з Расеяй танкер Eagle S так званага «ценявога флёту», затрыманы берагавой аховай Фінляндыі 25 сьнежня, меў абсталяваньне для шпіянажу за караблямі і самалётамі NATO, паведамляе брытанскае выданьне Lloydʼs List са спасылкай на крыніцы.
Танкер Eagle S быў абсталяваны перадавальнымі і прыёмнымі прыладамі, якія зрабілі яго «шпіёнскім суднам», сьцьвярджае выданьне. Паводле зьвестак крыніцы Lloyd’s List, апаратура на борце была нетыповая для гандлёвага судна і спажывала больш электраэнэргіі ад генэратара, чым спатрэбілася б пры нармальнай эксплуатацыі. Гэта прыводзіла да паўторных адключэньняў электраэнэргіі, паведаміла крыніца, знаёмая з суднам, якая надавала яму камэрцыйныя марскія паслугі на працягу апошніх сямі месяцаў.
Паводле крыніцы, абсталяваньне выкарыстоўвалі для запісу эфіру на мностве радыёчастотаў, па прыбыцьці ў Расею яго выгружалі для аналізу. Падчас заходаў у расейскі і турэцкі парты на судна даставілі шмат ноўтбукаў з расейскай і турэцкай клявіятурамі. Таксама крыніца паведаміла, што на борце танкера знаходзіўся староньні чалавек, які ня меў дазволу на знаходжаньне там і да таго ж ня быў мараком.
У публікацыі, у прыватнасьці, гаворыцца: «Яны сачылі за ўсімі вайсковымі караблямі і самалётамі NATO». «У іх былі ўсе зьвесткі. Яны толькі зьвяралі частоты». «Кіравалі імі расейскія, турэцкія, індыйскія радысты».
Паводле зьвестак выданьня, на іншым танкеры пад назвай Swiftsea Rider, зьвязаным з танкерам Eagle S праз суднаўладальнікаў, было ўстаноўленае аналягічнае абсталяваньне. Абодва танкеры ўваходзяць у сьпіс з 26 танкераў так званага «ценявага флёту» Расеі — яны перавозяць нафту з Расеі ў абыход заходніх санкцыяў. Вялікая Брытанія год таму ўвяла супраць іх санкцыі за «падтрымку ваеннай машыны Пуціна».
Паліцыя падазрае танкер Eagle S у пашкоджаньні кабэля Estlink 2 і магчымай іншай шкодзе і расьсьледуе справу аб цяжкім вандалізме на аб’екце падводнай інфраструктуры.
Сьцьвярджэньні аб тым, што зьвязаныя з Расеяй гандлёвыя судны выкарыстоўваюць для шпіянажу і дывэрсійнай дзейнасьці ў Балтыйскім моры падкрэсьліваюць узрастаньне геапалітычнай напружанасьці ў рэгіёне на фоне заклікаў эўрапейскіх палітычных лідэраў да ўзмацненьня абароны марской інфраструктуры, гаворыцца ў публікацыі.
Пашкоджаньне кабэля Estlink 2 — гэта другі выпадак пашкоджаньня жыцьцёва важных падводных кабэляў паміж саюзьнікамі па NATO за два месяцы, і першы выпадак, калі ўлады арыштавалі гандлёвае судна, якое падазраецца ў дывэрсіі.
У лістападзе сухагруз пад кітайскім сьцягам Yi Peng 3 абвінавацілі ў тым, што ён зьняўся зь якара, каб пашкодзіць камунікацыйны кабэль C-Lion 1, які злучае Фінляндыю і Нямеччыну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ВМС Даніі затрымалі кітайскі сухагруз, які падазраюць у пашкоджаньні кабэляў у Балтыйскім моры ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Greenpeace: танкеры «ценявога флёту» Расеі пагражаюць узьбярэжжу Балтыкі