Расейскія СПА зьнішчылі 56 бесьпілётнікаў за ноч, заявіла Міністэрства абароны РФ 28 сьнежня. Паводле ведамства, 28 дронаў зьбілі над Растоўскай вобласьцю, 17 — у Варонескай вобласьці і 11 — у Белгарадзкай. Незалежнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі няма.
Аэрапорт Казані быў зачынены з 6 раніцы на прыём і вылет рэйсаў, паведаміла Расавіяцыя.
Пра значныя разбурэньні ў выніку атак не паведамляецца. У Белгарадзкай вобласьці быў атакаваны Чырвонагвардзейскі раён. У вёсцы Палатава параненыя два чалавекі, паведаміў губэрнатар Вячаслаў Гладкоў.
У Варонескай вобласці абломкі дрону, як сьцьвярджаецца, абарвалі кантактную сетку чыгункі. У Растоўскай вобласьці, паводле заяваў мясцовых уладаў, ніхто не пацярпеў, разбурэньняў няма.
Расейскі акупацыйны чыноўнік Віталь Гура паведаміў, што чатыры чалавекі атрымалі раненьні ў выніку нападу ўкраінскага бесьпілётніка, які паразіў аўтамабіль у горадзе Новая Кахоўка, акупаваным расейскімі вайскоўцамі, у Херсонскай вобласьці Ўкраіны.
Украінскія Вайскова-паветраныя сілы заявілі, што за ноч зьбілі 15 расейскіх бесьпілётнікаў, усе — у Мікалаеўскай вобласьці.
Вядома, што ў выніку падзеньня дрона пашкоджаная маёмасьць прамысловага прадпрыемства і пяціпавярховы жылы дом у Мікалаеве, пацярпелых няма.
Узброеных сілы Ўкраіны нанесьлі ўдар па абароненым аб’екце Узброеных сіл Расеі ў Арлоўскай вобласьці, сьцьвярджаецца ў паведамленьні Генштабу УСУ. Паводле зьвестак украінскіх вайскоўцаў, у выніку ўдару быў зьнішчаны склад захоўваньня, абслугоўваньня і рамонту дронаў-камікадзэ Shahed.
Расейскія ўлады гэта паведамленьне не камэнтавалі.
- Расея і Ўкраіна рэгулярна выкарыстоўвалі бесьпілётнікі з таго часу, як Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне на тэрыторыю Ўкраіны ў лютым 2022 году.
- Новыя атакі адбыліся на фоне росту падазрэньняў у тым, што крушэньне пасажырскага самалёта «Азэрбайджанскіх авіяліній» у пачатку гэтага тыдня ў Казахстане, у выніку якога загінулі 38 чалавек з 67 на борце, было выкліканае расейскімі сыстэмамі СПА, якія знаходзяцца ў стане баявой гатоўнасьці ў сувязі з нападамі ўкраінскіх бесьпілётнікаў на Чачэнію. У Расавіяцыі раней заявілі, што падчас заходу на пасадку самалёта AZAL аэрапорт Грознага атакавалі дроны. Авіякампанія Azerbaijan Airlines заявіла, што, паводле зьвестак папярэдняга расьсьледаваньня, самалёт перад крушэньнем зазнаў «зьнешняе фізычнае і тэхнічнае ўмяшаньне». Азэрбайджанскі дэпутат Хікмат Бабааглу заявіў, што існуе «вельмі вялікая» верагоднасьць таго, што самалёт быў пашкоджаны расейскай ракетай СПА.