Пасьля 1 студзеня, калі транзыт расейскага газу праз Украіну павінен спыніцца, урад Славакіі ацэніць сытуацыю і магчымасьці мераў у адказ супраць Украіны, заявіў Робэрт Фіца, яго цытуе славацкае выданьне Pravda.
Фіца адзначыў, што спыненьне паставак газу нанясе шкоду эканоміцы краіны і можа прывесьці да павышэньня цэнаў і раскрытыкаваў прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.
«Каго хвалюе Славакія, спадар Зяленскі? Але калі вам трэба нешта, каб ня зьмерзнуць зімой, вы крычыце пра гэта», — сказаў Фіца.
Дырэктар Цэнтра дасьледаваньняў энэргетыкі Ўкраіны Аляксандар Харчанка, камэнтуючы заяву Фіца аб спыненьні паставак электрычнасьці Ўкраіне, сказаў, зто гэта «не паўплывае на энэргазабесьпячэньне краіны». Паводле яго, электрычнасьць Украіне пастаўляе ня толькі Славакія.
«Цяпер Украіна можа атрымліваць да 2,1 ГВт электраэнэргіі з ЭЗ праз чатыры краіны: Польшчу, Вугоршчыну, Славакію і Румынію. Калі адна з гэтых краін адмовіцца ад паставак, дык неабходныя аб’ёмы ў дапушчальных межах змогуць прадаставіць тры іншыя краіны», — адзначыў Харчанка.
- Спыненьне транзыту расейскага газу ў Эўропу праз тэрыторыю Украіны чакаецца з 1 студзеня 2025 году.
- 22 сьнежня Робэрт Фіца прыляцеў у Маскву на перамовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Пасьля сустрэчы славацкі прэм’ер заявіў, што ягоны візыт — гэта адказ Зяленскаму, які за тры дні пацьвердзіў яму свае намеры спыніць транзыт расейскага газу ў Славакію. Пазьней Зяленскі заявіў, што Ўкраіна прапанавала Славакіі кампэнсацыю стратаў з прычыны адмены транзыту расейскага газу і пастаўкі любога іншага газу, але не расейскага, але Фіца адмовіўся ад гэтага.
- У выніку расейскіх ракетных удараў былі зьнішчаныя больш за 80% энэргетычных аб’ектаў Украіны. У інтэрвію ВВС у жніўні 2024 году кіраўнік кампаніі «Укрэнэрга» Уладзімір Кудрыцкі казаў, што пазьбегнуць блэкаўту зімой 2024-2025 году можна будзе ў тым ліку дзякуючы імпарту электраэнэргіі з Эўропы.
- У кастрычніку Славакія абяцала забясьпечыць Украіне аварыйныя пастаўкі электраэнэргіі.