Яшчэ 10 чалавек прызнаныя палітвязьнямі

Праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала палітвязьнямі яшчэ 10 чалавек, цяпер іх 1254.

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Палітвязьнямі прызнаныя абвінавачаныя, узятыя пад варту і асуджаныя на пазбаўленьне волі паводле ч. 1 ст. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх) Ганна Кміт, Андрэй Селянінаў, Яўген Мікалаевіч, а таксама накіраваныя для адбываньня пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу Дзьмітры Лях, Дзьмітры Чарнуха, Аляксандар Крупнікаў, Дзьмітры Глушчанка, Сяргей Чэкель, Уладзімер Апановіч, Арцём Пуценіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка памілаваў яшчэ 29 палітвязьняў

Заяву аб прызнаньні новых палітвязьняў падпісалі праваабарончы цэнтар «Вясна», «Прававая ініцыятыва», Lawtrend, Human Constanta, Беларускі ПЭН.

Напярэдадні, 26 сьнежня, праваабаронцы правялі рэвізію сьпісаў, у выніку колькасьць палітвязьняў аднамомантна зьменшылася на 27 чалавек.