Кубракоў прапанаваў Іраку рыхтаваць для іх краіны супрацоўнікаў спэцпадразьдзелаў

Міністар унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў. Архіўнае фота

Дэлегацыя МУС Іраку азнаёмілася з матэрыяльна-тэхнічнай базай ведамаснай вучэльні, тэхнікай і ўзбраеньнем унутраных войскаў Беларусі, а таксама спэцыяльных падразьдзелаў «Алмаз» і АМАП.

Міністар унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў прапанаваў Іраку рыхтаваць для іх краіны супрацоўнікаў спэцпадразьдзелаў і перадаць досьвед па ахове грамадзкага парадку.

«Мы адкрытыя для дыялёгу і гатовы разглядаць любыя кірункі ўзаемавыгаднай супрацы», — працытавала Івана Кубракова прэсавая служба МУС Беларусі пасьля ягонай сустрэчы з дэлегацыяй МУС Іраку.

У паведамленьні адзначаецца, што ў часе ранейшых візытаў ірацкі бок «выказваў зацікаўленасьць у вывучэньні беларускага досьведу аховы грамадзкага парадку, выкарыстаньня БПЛА, а таксама да прадукцыі, якую выпускаюць беларускія прадпрыемствы для праваахоўных органаў».

Іван Кубракоў прапанаваў Іраку актывізаваць падрыхтоўку дамоваў аб перадачы асуджаных на пазбаўленьне волі, а таксама аб узаемадзеяньні ў сфэры барацьбы з злачыннасьцю. Яшчэ адным пэрспэктыўным кірункам можа стаць навучаньне ірацкіх паліцэйскіх на базе беларускіх адмысловых адукацыйных устаноў.

Дэлегацыя МУС Іраку азнаёмілася з матэрыяльна-тэхнічнай базай ведамаснай вучэльні, тэхнікай і ўзбраеньнем унутраных войскаў Беларусі, а таксама спэцыяльных падразьдзелаў «Алмаз» і АМАП.

Згодна з дасьледаваньнем «Індэкс дэмакратыі», Ірак, як і Беларусь, уваходзіць у групу аўтарытарных краін разам з Расеяй, Буркіна-Фасо, Сальвадорам, Гаіці, Тунісам, Ярданіяй і Мэксыкай.

У часе мігранцкага крызісу ў Беларусь масава прывозілі грамадзян Іраку, а таксама іншых краін Усходу і Афрыкі, а далей арганізавана перапраўлялі іх да межаў з краінамі Эўразьвязу — Польшчай, Літвой і Латвіяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З пачатку мігранцкага крызісу на мяжы Беларусі з краінамі ЭЗ загінулі больш за 100 мігрантаў, — праваабаронцы