З новага году ў Беларусі зьменяцца ўмовы дапамогі на дзяцей

Ілюстрацыйнае фота

Савет Міністраў Беларусі скарэктараваў правілы назначэньня дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей.

Асноўныя навацыі закону пачнуць працаваць з 1 студзеня 2025 году. Пастанова апублікаваная на pravo.by.

Зьмяненьні пераважна закрануць дапамогу па цяжарнасьці і родах. З разьліку бальнічнага выключаць пэрыяды догляду дзіцяці, малодшага за тры гады. Гэта адбудзецца, калі водпуск для догляду яго перапыніцца з прычыны ліквідацыі працадаўцы. Паводле прадстаўнікоў Міністэрства працы, з гэтай прычыны павялічыцца памер дапамог па цяжарнасьці і родах, а таксама па часовай непрацаздольнасьці для догляду дзіцяці.

Таксама зьменяцца правілы разьліку памеру дапамогі для людзей, якія працуюць па грамадзянска-прававых дамовах. Напрыклад, памер дапамогі будуць лічыць на падставе зьвестак пэрсаніфікаванага ўліку, зыходзячы з памеру сярэднядзённага ўзнагароджаньня, адлюстраванага да месяца ўзьнікненьня права на дапамогу.

З 1 студзеня 2025 году ў поўнай сям'і, калі аднаго з бацькоў прызнаюць абмежавана дзеяздольным або ён ня зможа выконваць свае бацькоўскія абавязкі па хваробе, дапамогу на дзяцей зможа атрымаць другі з бацькоў безь зьмяненьня месца выплаты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецка-беларускі дзіцячы аздараўленчы цэнтар «Надзея» цалкам перайшоў пад кантроль дзяржавы

Акрамя гэтага, з новага году камісіі па прызначэньні дапамог змогуць прасіць больш дакумэнтаў для прыняцьця рашэньняў аб прызначэньні дапамог для догляду дзяцей ва ўзросьце да 3 гадоў або дзіцем-інвалідам ва ўзросьце да 18 гадоў.

Пастанова ўдакладняе дакумэнты, паводле якіх дзеці, народжаныя па-за шлюбам, будуць улічвацца ў сям'і маці. Яны ўлічваюцца там, калі пагадненьнем аб дзецях, пагадненьнем аб утрыманьні непаўналетніх дзяцей або судовай пастановай ня будзе ўстаноўлена іншае.

Таксама зьмены закрануць парадак прыпыненьня самастойнай дзейнасьці для догляду дзяцей да трох гадоў. Адвакаты змогуць зрабіць паўзу ў працы па рашэньні тэрытарыяльнай калегіі адвакатаў.

Што ж тычыцца індывідуальных прадпрымальнікаў і рамесьнікаў, а таксама людзей са сфэры аграэкатурызму, то для іх парадак прыпыненьня і аднаўленьня дзейнасьці не мяняецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 549 тысяч жыхароў Беларусі маюць інваліднасьць, дзяцей з інваліднасьцю 17 тысяч