Збор на калядныя падарункі дзецям палітвязьняў пасьпяхова закрыўся

Ілюстрацыйная выява

Пра гэта сьведчыць сайт фонду BySol, які зьбіраў сродкі.

Фонду ўдалося сабраць 25 125 эўра з патрабаваных € 24 800, то бок перавысіць плянаваную суму збору.

«Кожнае ваша ахвяраваньне — гэта ня проста падарунак, гэта знак таго, што сьвет не забыўся пра іх і пра іх сем'і. Разам мы можам стварыць сьвята, напоўненае цеплынёй і падтрымкай, дзе, хай на імгненьне, дзеці адчуюць прысутнасьць бацькоў. Уявіце сабе іх усьмешкі, іх радасьць, калі яны атрымаюць падарункі ад „Дзеда Мароза“ — як сымбаль таго, што яны не адны, што многія людзі клапоцяцца пра іх і іх будучыню», — напісаў фонд BySol.

Ужо традыцыйную дзіцячую акцыю зладзілі сёлета Служба «Хуткай гуманітарнай дапамогі», у якую ўваходзяць фонды BySol і «Краіна для Жыцьця», грамадзкая кампанія BY_Help і Ініцыятыва Dissidentby, а таксама партнэры — Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой і Асацыяцыя беларусаў Амэрыкі.

Зьвярнуцца па дапамогу на этапе збору сродкаў маглі члены сем’яў палітвязьняў, у якіх ёсьць дзеці да 16 гадоў уключна і нехта з бацькоў (ці абодва) знаходзяцца (больш за 3 месяцы), альбо знаходзіліся раней у зьняволеньні (таксама больш за 3 месяцы). Сваяк палітвязьня ці вызвалены палітвязень для атрыманьня дапамогі мог запоўніць заяўку па 20 сьнежня.

На падарунак кожнаму дзіцяці будзе выплачана 100 эўра.

Як сустрэлі Каляды ў Беларусі і іншых краінах. ФОТА

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўная тэлевізія паведаміла пра затрыманьне «кур’ераў фонду BYSOL». Кіраўнік фонду пракамэнтаваў