Кіраўніку зьліквідаванай партыі «Зялёныя» Зьмітру Кучуку прысудзілі 6 гадоў калёніі

Зьміцер Кучук, архіўнае фота

У Беларусі за краты трапіў яшчэ адзін палітык, які застаўся ў краіне.

Кіраўніку зьліквідаванай партыі «Зялёныя» Зьмітру Кучуку прызначылі 6 гадоў калёніі і 500 базавых велічыняў штрафу.

Пра гэта паведамляе «Вясна» са спасылкай на «Парлямэнцкі канал».

Кучука затрымалі 16 лютага каля расейскай амбасады. Палітык прыйшоў да яе, каб ускласьці кветкі ў памяць пра памерлага палітыка Аляксея Навальнага. Празь месяц стала вядома, што супраць мужчыны пачалі крымінальную справу.

Разглядаць справу, якую праваабаронцы адназначна назвалі палітычна матываванай, пачалі 22 лістапада ў Менскім гарадзкім судзе. Кучука абвінавачвалі па двух артыкулах — «заклікі да санкцый» (ч. 3 арт. 361 КК) і «ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК).

Прысуд вынесла судзьдзя Алена Шылько.

50-гадовы Кучук — былы старшыня партыі «Зялёныя» (партыю зьліквідавалі ў ліпені 2023 году). Ён узначальваў адкрытае акцыянэрнае таварыства «МС Заходняя» — прадпрыемства, якое збірае і перапрацоўвае адкіды. Палітык мае дарослую дачку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзяць лідэра «зялёных» Дзьмітрыя Кучука. Яго арыштавалі пасьля ўшанаваньня памяці Навальнага