«Чым больш хісткая пазыцыя аўтакрата, тым мацнейшая ў яго патрэба імітаваць народную падтрымку», — Рудкоўскі

Дэлегаты VI «Усебеларускага народнага сходу», Менск, 12 лютага 2021 году

Палітоляг Пётра Рудкоўскі адказвае на пытаньне, навошта ўладзе ажно 5 кандыдатаў у гэтай выбарчай кампаніі, разважае пра ролю Ганны Канапацкай і прагназуе, якія зьмены ў Беларусі адбудуцца пасьля 26 студзеня.

Сьцісла:

  • Упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі на прэзыдэнцкіх выбарах няма рэальных альтэрнатыўных кандыдатаў.
  • Калі ёсьць магчымасьць стварыць ілюзію, імітацыю барацьбы — то чаму б гэта не зрабіць?
  • Пасьля выбараў будуць спробы перагляду спосабу функцыянаваньня гэтай сыстэмы, які склаўся пасьля 2020 году.
  • Перагляд цяперашняга ўзроўню рэпрэсіяў, хутчэй за ўсё, адбудзецца, але наколькі ён будзе глыбокі — цяжка сказаць.

— 23 сьнежня былі зарэгістраваныя ў якасьці кандыдатаў у прэзыдэнты ўсе 5 прэтэндэнтаў, якія выказалі жаданьне зьбіраць подпісы. Які сцэнар уладаў праглядаецца ў гэтай выбарчай кампаніі? Навошта ўвогуле спатрэбіліся іншыя кандыдаты, акрамя Аляксандра Лукашэнкі?

— Упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі на прэзыдэнцкіх выбарах няма рэальных альтэрнатыўных кандыдатаў. Ёсьць спарынг-партнэры, і, адпаведна, сцэнар становіцца для ўладаў нашмат больш просты для рэалізацыі, а для аналітыкаў — значна меней цікавы. Для грамадзтва і найбліжэйшай будучыні Беларусі гэта азначае адсутнасьць якіх-небудзь палітычных зьменаў.

Навошта ўладам іншыя кандыдаты? Вядома, уся гэтая кампанія — імітацыя, але ў яе рамках мусяць быць розныя акторы. Магчыма, гэта перастрахоўка на той выпадак, калі адзін з кандыдатаў зь нейкіх прычынаў здымецца, і тады момант псэўдаканкурэнтнасьці выглядаў бы ня вельмі пераканаўча.

Калі ёсьць магчымасьць беспраблемна стварыць ілюзію, імітацыю барацьбы — то чаму б гэта не зрабіць? Тым больш калі гэта асабліва нічога не каштуе ні ў фінансавым пляне, ні ў сэнсе кантролю і чалавечых рэсурсаў.

— Абвешчана, што Лукашэнка сабраў рэкордную колькасьць подпісаў — больш як 2,5 мільёна. У 2020 годзе было «толькі» 1,9 мільёна. Разам з тым іншыя кандыдаты нібыта сабралі больш за сто тысяч подпісаў кожны. Які сэнс у гэтых лічбах?

— Паказаць ступень «народнай падтрымкі». Чым больш хісткая пазыцыя аўтакрата, тым большая патрэба імітаваць усеагульную народную падтрымку. Варта прыгадаць, як у кастрычніку 1989 году дэманстравалася калясальная «ўсеагульная падтрымка» Нікалае Чаўшэску ў Румыніі, калі падчас чарговага зьезду ягоная прамова больш за 50 разоў перапынялася аплядысмэнтамі. А праз паўтара месяца яго зрынулі і расстралялі.

Такая гістарычная заканамернасьць: чым слабейшая пазыцыя аўтакрата, тым болей намаганьняў прыкладаецца, каб імітаваць «усенародную падтрымку». У 2021 годзе праходзілі псэўдавыбары ў Сырыі, дзе былі прадэманстраваныя 95 працэнтаў, якія нібыта прагаласавалі за Башара Асада. А цяпер мы бачым, якая на самой справе была тая падтрымка.

Лукашэнка пасьля 2020 году надалей застаецца ў складанай пазыцыі што да рэальнай падтрымкі. Грамадзтва запалоханае, рэпрэсіі ідуць поўным ходам, вялізная колькасьць людзей выехала за мяжу Але гэта ніяк не азначае, што ягоная электаральная легітымнасьць узмацнілася. І ў аўтакратыях гэта традыцыйна кампэнсуецца такой падвоенай імітацыяй падтрымкі.

— Падчас гэтай кампаніі менскі рэжым выбраў такую схему, калі кожная з тых партыяў, што засталіся пасьля зачысткі палітычнага поля, вылучыла свайго кандыдата. Адзінае выключэньне — Ганна Канапацкая. У чым яе роля ў гэтай кампаніі? Каму і што хоча даказаць сыстэма, рэгіструючы такога кандыдата?

— Я чытаў вэрсію спадара Валера Карбалевіча, што вылучэньне Канапацкай — гэта стрэс-праверка сыстэмы на ўстойлівасьць. Але, я думаю, усё прасьцей. Заўсёды на ўсіх папярэдніх выбарах рэжым прапускаў і рэгістраваў аднаго ці двух рэальных альтэрнатыўных кандыдатаў. Гэта было важна для рэжыму і ў якасьці замежнай легітымізацыі (бо тады ў нейкай ступені ўлічвалася думка Захаду), і для постсавецкай прасторы.

Гэтым разам рэальнага апазыцыйнага кандыдата ўлады выставіць не наважыліся. Урэшце, і знайсьці яго ў такой сытуацыі не было б так проста.

Канапацкая, якая функцыянавала як частка апазыцыі, мае такі статус, што адной нагой стаіць у сыстэме, а другой — па-за сыстэмай. І ў якасьці працягу традыцыі, што асоба не з уладнага асяродзьдзя ўдзельнічае ў выбарах, — маем Канапацкую. З той асаблівасьцю, што гэта чалавек, якога ўлады могуць лёгка і беспраблемна кантраляваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка і яшчэ чацьвёра. Пра што сьведчаць вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты

— Паспрабуем прааналізаваць, што можа адбыцца пасьля 26 студзеня — дня галасаваньня. Ці пажадае ўлада спыніць альбо хаця б аслабіць рэпрэсіі? Ці будзе яна спрабаваць нармалізаваць адносіны з Захадам? Чаму прадстаўнікі рэжыму выказваюць спадзяваньні, што сам Захад неяк па-іншаму будзе ставіцца да Лукашэнкі пасьля таго, як ён чарговы раз перапрызначыць сябе кіраўніком краіны?

— Я б рызыкнуў спрагназаваць, што сапраўды будуць спробы перагляду спосабу функцыянаваньня гэтай сыстэмы, які склаўся пасьля 2020 году. У якім напрамку, у чым дакладна гэта праявіцца — не бяруся прагназаваць.

Але можна выказаць здагадку, што паслабленьне рэпрэсіяў і нейкія спробы перафарматаваць адносіны з Захадам і беларускім грамадзтвам, хутчэй за ўсё, будуць. Будзе зьмяняцца і геапалітычная сытуацыя пасьля ўступленьня на пасаду прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Цалкам імаверна, што ён зробіць крокі, каб выканаць сваё абяцаньне наконт заканчэньня расейска-ўкраінскай вайны. Адпаведна, рэжыму Лукашэнкі давядзецца шукаць новы спосаб функцыянаваньня ў гэтай зьмененай геапалітычнай сытуацыі.

Адзін з варыянтаў зьменаў — аслабленьне рэпрэсіяў унутры Беларусі, спроба наладжваньня кантактаў з Захадам, каб не дазволіць Крамлю паставіць Менск у яшчэ большую залежнасьць. Перагляд цяперашняга ўзроўню рэпрэсіяў, хутчэй за ўсё, адбудзецца, але наколькі ён будзе глыбокі — цяжка сказаць.

Выбары 2025 году ў Беларусі

  • Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
  • Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
  • Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
  • Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
  • Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
  • Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
  • Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
  • У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
  • У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
  • У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
  • Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.