Дзяніса Івашына напярэдадні Калядаў адправілі ў ШЫЗА

Вольга і Дзяніс Івашыны, архіўнае фота

Палітзьняволенага журналіста працягваюць жорстка ўціскаць за кратамі.

Пра тое, што Дзяніса Івашына зноў адправілі ў штрафны ізалятар, напісала ягоная жонка Вольга Івашына:

«Я адцягвала сёньняшнюю публікацыю, каб праверыць інфармацыю пра тое, што Дзяніс Івашын зноўку зьмешчаны ў ШЫЗА. І вось гэтая сумная навіна, на жаль, пацьвердзілася. Прычына, як звычайна, выдуманая, галоўная задача была — чарговы раз кінуць Дзяніса ў адзіночку дзеля большых катаваньняў. Зь якое даты і па якую, мы пакуль дакладна ня ведаем».

Таксама жонка падзялілася вершам Дзяніса, напісаным 14 кастрычніка, калі сувязь зь ім была:

Кліча да сябе Каліпса зноў —
На выспу далёкую, на край зямлі.
Пад сьвіст Пасэйдону ўтомных вятроў,
Што крушні імчаць да берагоў няблізкіх.
Аніколі німфе не зразумець,
Што сэрца мае Воляй жыве.
Не дапаможа ёй і неспагадны вецер:
Карабель да Ітакі непахісна плыве!

Перад гэтым Дзяніса пераводзілі ў ШЫЗА ў жніўні і кастрычніку.

У верасьні 2022 году Горадзенскі абласны суд прызнаў Івашына вінаватым паводле арт. 365 КК (умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) і асудзіў яго на 13 гадоў і 1 месяц калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Летась Дзянісу ўзмацнілі пакараньне і перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна.

Адрас утрыманьня палітвязьня: Сьледчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вершы Дзяніса з-за кратаў — квінтэсэнцыя аптымізму і суцяшэньне нашым душам», — Вольга Івашына
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі ПЭН і Радыё Свабода назвалі пераможцаў і ляўрэатаў прэміі імя Аляхновіча за турэмную літаратуру
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты