Выканаўца абавязкаў губэрнатара Растоўскай вобласьці Юры Сьлюсар паведаміў, што ў рэгіёне працуе супрацьпаветраная абарона. Паводле яго, восем дронаў нібыта зьбілі ў раёне горада Мілерава. Побач з горадам Мілерава разьмешчаны расейскі вайсковы аэрадром.
«Паводле апэратыўных зьвестак, пацярпелых няма, інфармацыя аб наступствах на зямлі ўдакладняецца. Сыстэмы СПА і мабільныя агнявыя групы працягваюць адбіваць атаку», — паведаміў Юры Сьлюсар.
Міністэрства абароны Расеі заявіла пра зьбіцьцё дзевяці нібыта ўкраінскіх бесьпілётнікаў над Растоўскай вобласьцю.
Мясцовы тэлеграм-канал «Это Ростов новости» публікуе відэа са стралянінай і выбухамі — як сьцьвярджаецца, у раёне Мілерава — і паведамляе, што ў выніку атакі дронаў на Мілерава нібыта пашкоджаная адукацыйная ўстанова, пачалася эвакуацыя студэнтаў.
Украінскае камандаваньне пакуль не камэнтавала гэтыя паведамленьні.
Паводле зьвестак Паветраных сіл Украіны, Мілерава зьяўляецца адным з раёнаў, адкуль расейскія войскі запускаюць ударныя дроны, у прыватнасьці «Шахеды», падчас паветраных нападаў на Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У выведцы Ўкраіны заявілі аб зьнішчэньні складу з дэталямі для дронаў тыпу Shahed-136. У Расеі не камэнтуюць