Трамп: «У ЗША будзе толькі два гендэры — мужчынскі і жаночы»

Дональд Трамп

Абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паабяцаў «спыніць трансгендэрнае вар'яцтва» у першы ж дзень свайго прэзыдэнцтва, паколькі рэспубліканцы будуць кантраляваць абедзьве палаты Кангрэсу і Белы дом.

«Я падпішу ўказ аб спыненьні сэксуальнага калечаньня дзяцей, адмоўлюся ад трансгендэрнай палітыкі ў войску і ў нашых пачатковых, сярэдніх і вышэйшых школах», — заявіў Трамп на мерапрыемстве для маладых кансэрватараў у Фэніксе, штат Арызона, Яго словы цытуе AFP.

Таксама абраны прэзыдэнт ЗША паабяцаў «не дапускаць мужчын у жаночы спорт», дадаўшы, што «ўрад Злучаных Штатаў афіцыйна будзе прызнаваць толькі два полы — мужчынскі і жаночы».

На мінулым тыдні, калі Кангрэс ЗША, які кантралююць рэспубліканцы, зацьвердзіў гадавы абаронны бюджэт, у яго было ўключанае палажэньне, якое блякуе фінансаваньне некаторых відаў дапамогі для дзяцей трансгендэрных людзей, якія служаць у войску.

Выступаючы на канфэрэнцыі AmericaFest, Дональд Трамп таксама паабяцаў жорсткія меры супраць «злачыннасьці з боку мігрантаў» і паўтарыў свае абяцаньні аднавіць кантроль ЗША над Панамскім каналам з прычыны высокіх тарыфаў на праход амэрыканскіх судоў.

Прэзыдэнт Панамы Хасэ Рауль Мулін у адказ заявіў, што «кожны мэтар Панамскага каналу належыць Панаме, так і будзе». Сувэрэнітэт і незалежнасьць краіны ня могуць быць прадметам абмеркаваньня, дадаў Мулін.

У сваёй прамове Трамп выступіў з праграмай свайго другога прэзыдэнцкага тэрміну, скрытыкаваўшы прэзыдэнта Джо Байдэна і віцэ-прэзыдэнтку Камалу Гарыс.

«20 студзеня Злучаныя Штаты назаўжды перагорнуць старонку чатырох доўгіх, жудасных гадоў няўдачаў, некампэтэнтнасьці, нацыянальнага заняпаду, і мы адкрыем новую эру міру, росквіту і нацыянальнай велічы, — сказаў Трамп. — Я спыню вайну ва Ўкраіне. Я спыню хаос на Блізкім Усходзе і прадухілю, абяцаю, Трэцюю сусьветную вайну».

Пры адміністрацыі Джо Байдэна ў кастрычніку 2021 году ў ЗША ўпершыню пачалі выдаваць амэрыканскія пашпарты з гендэрным маркерам «X». Пашпарты з такой адзнакай прызначаныя для небінарных людзей, інтэрсэкс-людзей і гендэрна-неканформных людзей. Жыхары Н'ю-Ёрку атрымалі права ўказваць у сваіх асабістых дакумэнтах трэці — «нявызначаны» пол, акрамя мужчынскага і жаночага, у 2018 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША калегія электараў зацьвердзіла перамогу Дональда Трампа на выбарах прэзыдэнта