Па словах чыноўніка, якія прыводзіць інфармацыйнае агенцтва «Позірк», у падручніку «вельмі сур’ёзна» ацэняць «тыя падзеі, якія адбываліся ў 2020 годзе».
Таксама 11-клясьнікі ў новым падручніку будуць вывучаць тэму «узьяднаньня беларускага народу ў 1939 годзе», што Іванец назваў «адной з найважнейшых гістарычных падзеяў станаўленьня» Беларусі.
«Безумоўна, гэта будуць пытаньні генацыду беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны, партызанскі і падпольны рух. Вельмі важна данесьці гістарычную праўду пра Вялікую Айчынную вайну нашым дзецям», — адзначыў міністр.
Кіраўнік Мінадукацыі дадаў, што ў навучальным дапаможніку школьнікам будуць расказваць пра «станаўленьне сувэрэннай Беларусі», таксама будуць закранутыя «такія пытаньні, як прэзыдэнцкая рэспубліка, гістарычны выбар беларускага народу, каляровыя рэвалюцыі», а таксама рэфэрэндумы 1995-га і іншых гадоў, якія «фактычна былі гістарычным выбарам народу ў непрацяглы 30-гадовы пэрыяд станаўленьня сучаснай незалежнай Беларусі».
У дасьледаваньні Беларускага інстытута публічнай гісторыі «Беларускія падручнікі па гісторыі як люстэрка дзяржаўнай гістарычнай палітыкі», які 12 сьнежня прэзэнтаваў гісторык Аляксей Ластоўскі, гаварылася, што з падручніку гісторыі для 11 клясы прыбралі партрэт Кастуся Каліноўскага, а паўстаньне 1863 году там «апісваецца максымальна нэўтральна». Адзначаная таксама «прынцыповая антыпольскасьць» падручніка.
«Падзеі 2020 году апісваюцца суха, — адзначыў Ластоўскі на прэзэнтацыі: Шостыя прэзыдэнцкія выбары прайшлі 9 жніўня 2020 году. Зь пяці кандыдатаў, паводле зьвестак ЦВК, дзейны прэзыдэнт атрымаў падтрымку 80,1% выбарнікаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Партрэт Каліноўскага прыбралі з падручніка для 11 клясы, паўстаньне 1863 году апісваецца «максымальна нэўтральна», — дасьледаваньне- Сёлета ў верасьні школьнікі пачалі навучацца па тых жа праграмах, што і летась, аднак зьявіліся некаторыя факультатыўныя заняткі з акцэнтам на «выхаваньне патрыятызму», бо ў школе галоўнае «не навучаньне, а выхаваньне», заявіў раней Андрэй Іванец. Напрыклад, увялі факультатыў «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму» для 8-х (9-х) клясаў у рамках пагадненьня паміж дзяржавай і Беларускім экзархатам Рускай праваслаўнай царквы.
- Таксама сёлета ва ўсіх клясах штомесяц праходзіць інфармацыйная гадзіна «Генацыд беларускага народу». Для заняткаў у 2023 годзе выдалі падручнікі «Генацыд беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны», зьявіліся адпаведныя дапаможнікі асобна для 1-4-х, 5-9-х і 10-11-х клясаў. Пры вывучэньні згаданай тэмы ўлады праводзяць паралель паміж гітлераўцамі і ўдзельнікамі пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
- У 21 школе апрабоўваюць падручнік гісторыі найноўшага часу, у якім падзеі 2020 году ацэненыя як спроба дзяржаўнага перавароту.