Каб рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права, беларусы, якія жывуць у іншых краінах, мусяць прыехаць у Беларусь — участкаў для галасаваньня за мяжой на гэтых выбарах таксама ня будзе. Адпаведнае рашэньне 23 сьнежня прыняла Цэнтральная выбарчая камісія.
Паводле ЦВК, прагаласаваць змогуць грамадзяне, якія маюць выбарчае права, стала пражываюць па-за межамі Беларусі, аформілі выезд для сталага пражываньня па-за Беларусьсю, стаяць на консульскім уліку і ня маюць рэгістрацыі на беларускай тэрыторыі.
Прагаласаваць можна будзе на адным з 6 вызначаных для гэтага ўчасткаў, якія знаходзяцца ў абласных цэнтрах:
- у Берасьці (№ 24; Берасьцейскае абласное аб’яднаньне прафсаюзаў),
- Віцебску (№ 15; Цэнтар культуры «Віцебск»),
- Гомлі (№ 74, Гомельскі абласны грамадзка-культурны цэнтар),
- Горадні (№ 14; Горадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы),
- Менску (№ 61, гімназія № 75 імя Масьленікава),
- Магілёве (№ 84, сярэдняя школа № 24 імя Сіманава).
Агулам у Беларусі стварылі 5325 выбарчых участкаў для галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 2025 году.
Участкаў для галасаваньня за мяжой не было і падчас рэспубліканскага рэфэрэндуму 2022 году, а таксама падчас парлямэнцкіх і мясцовых выбараў 2024 году. Такое новаўвядзеньне ўзьнікла пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі Аляксандар Лукашэнка прайграў Сьвятлане Ціханоўскай на шэрагу выбарчых участкаў за мяжой.
Выбары ў Беларусі адбываюцца ва ўмовах палітычнага крызісу, шырокамаштабных рэпрэсій і, паводле міжнародных арганізацый, носяць несвабодны і недэмакратычны характар. У Беларусі не засталося афіцыйна зарэгістраваных апазыцыйных партый і незалежных грамадзкіх арганізацый.
23 сьнежня ЦВК зарэгістравала пяць кандыдатаў на ўдзел у выбарах. Акрамя Аляксандра Лукашэнкі, у выбарах удзельнічаюць шэраг лідэраў праўладных структур — старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч, першы сакратар Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Сяргей Сыранкоў, старшыня Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці Аляксандар Хіжняк, а таксама індывідуальная прадпрымальніца Ганна Канапацкая, былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, удзельніца прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.
З 1996 году ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі незалежныя назіральнікі не прызналі транспарэнтнай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У выбарах прэзыдэнта Беларусі возьмуць удзел пяць кандыдатаў. Апазыцыя і Захад папярэдзілі аб іх непрызнаньніВыбары 2025 году ў Беларусі
- Выбары прэзыдэнта Беларусі прызначылі на 26 студзеня 2025 году — нашмат раней, чым можна было чакаць. Такое рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Палаты прадстаўнікоў 23 кастрычніка. Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году.
- Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў пра намер працягнуць сваю ўладу над краінай яшчэ прынамсі на пяць год. Гэта будуць ужо сёмыя выбары для аўтарытарнага кіраўніка дзяржавы. Колькі часу Лукашэнка застаецца ва ўладзе: онлайн-лічыльнік.
- Напярэдадні абвяшчэньня даты галасаваньня амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў сказаў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку «спробаў дэстабілізацыі» ў часе выбараў, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
- Офіс Сьвятланы Ціханоўскай, Аб’яднаны пераходны кабінэт і Каардынацыйная рада выпусьцілі сумесную заяву, у якой падкрэсьлілі, што цяперашняя электаральная кампанія праводзіцца ў сытуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Беларусі, а Аляксандар Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадзтва, і заклікалі беларусаў «выказаць свой пратэст шляхам галасаваньня супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу».
- Раней дэмакратычныя сілы Беларусі ўжо неаднаразова заяўлялі, што будуць дабівацца непрызнаньня гэтых выбараў міжнароднай супольнасьцю.
- Папярэднія выбары 9 жніўня 2020 году прайшлі ва ўмовах масавых фальсыфікацыяў і адзначыліся самымі масавымі пратэстамі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Вынікі выбараў не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю, краіны Захаду неаднойчы ўводзілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, якога ня лічаць легітымным прэзыдэнтам Беларусі.
- Палітычны крызіс, які ўзьнік пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, і шырокамаштабныя рэпрэсіі ў краіне працягваюцца да гэтага часу.
- У турмах Беларусі застаецца каля 1,3 тысячы чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі (колькасьць асуджаных з палітычных матываў значна большая). З 2020 году праваабарончаму цэнтру «Вясна» вядомыя прозьвішчы сама меней 7400 фігурантаў крымінальных палітычных спраў у Беларусі, заведзеных з палітычных матываў. Зь іх 6013 чалавек ужо асудзілі (як мінімум 2336 чалавек — на пазбаўленьне волі, 681 — на «хімію»). Больш за 50 тысяч чалавек затрымлівалі з палітычных матываў.
- У сувязі з пагрозай палітычнага перасьледу Беларусь пасьля 2020 году, паводле розных ацэнак, пакінулі сотні тысяч беларусаў: сацыёляг Генадзь Коршунаў у траўні 2024-га ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек, намесьнік кіраўніка МУС Карпянкоў у кастрычніку 2023 году казаў, што з 2020 году зь Беларусі зьехалі 350 тысяч чалавек.
- У Беларусі ліквідавалі амаль амаль усе палітычныя партыі, засталіся толькі 4 праўладныя партыі. Агулам грамадзкі сэктар краіны, пачынаючы з пасьлявыбарчага пэрыяду 2020 году, страціў ужо сама меней 1838 некамэрцыйных арганізацыяў (сярод іх грамадзкія аб’яднаньні, прафсаюзы, палітычныя партыі, фонды, недзяржаўныя ўстановы, асацыяцыі, рэлігійныя арганізацыі і інш.).
- Пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі» і заблякавалі практычна ўсе незалежныя СМІ, журналісты гэтых мэдыя сутыкнуліся з затрыманьнямі, арыштамі, ператрусамі, адміністрацыйным і крымінальным перасьледам, многія вымушана пакінулі краіну і працягнулі працаваць з-за мяжы. За кратамі ў Беларусі цяпер застаюцца 36 прадстаўнікоў мэдыя.