Злучаныя Штаты абнавілі статус Беларусі для сваіх грамадзян: строга патрабуюць ня ехаць у краіну

Пашпарт грамадзяніна ЗША

Прычынай стала адвольнае выкананьне законаў рэжымам Лукашэнкі. Грамадзяне Злучаных Штатаў могуць аказацца закладнікамі палітычнай гульні.

Бюро консульскіх дачыненьняў Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША выпусьціла адозву да грамадзянаў краіны з просьбай не наведваць Рэспубліку Беларусь. Менавіта такі статус нададзены гэтай краіне.

«Ня едзьце ў Беларусь з-за адвольнага выкананьня ўладамі краіны мясцовых законаў, рызыкі затрыманьня, пастаяннага спрыяньня вайне Расеі супраць Украіны, патэнцыялу грамадзянскіх беспарадкаў і абмежаванай магчымасьці амбасады аказваць дапамогу грамадзянам ЗША, якія жывуць або падарожнічаюць у Беларусі. Грамадзяне ЗША, якія знаходзяцца ў Беларусі, павінны неадкладна выехаць».

28 лютага 2022 году Дзярждэпартамэнт аддаў загад аб ад’езьдзе дзяржаўных службоўцаў ЗША і прыпыненьні працы амбасады ЗША ў Менску. Усе консульскія службы, звычайныя і экстраныя, прыпыненыя ў працы да далейшага апавяшчэньня. Грамадзяне ЗША ў Беларусі, якім патрэбныя консульскія паслугі, павінны паспрабаваць пакінуць краіну як мага хутчэй і зьвярнуцца ў амбасаду або консульства ЗША ў іншай краіне.

Акрамя таго, Дзярждэпартамэнт нагадвае, што ў Беларусі не прызнаецца двайное грамадзянства. Улады могуць адмовіць у прызнаньні падвойнага грамадзянства ЗША грамадзянам Беларусі і ЗША, а таксама адмовіць або адтэрмінаваць консульскую дапамогу ЗША затрыманым грамадзянам з падвойным грамадзянствам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Афіцыйны Менск назваў Стратэгічны дыялёг ЗША і дэмакратычных сілаў умяшаньнем ва ўнутраныя справы Беларусі

Грамадзянам ЗША рэкамэндавана пазьбягаць публічных дэманстрацый. Улады ўжылі сілу для разгону дэманстрантаў, у тым ліку мірных. Выпадковыя мінакі, у тым ліку замежныя грамадзяне, могуць сутыкнуцца з магчымасьцю арышту або затрыманьня.

Варта і пераглядзець увоз у Беларусь электронных прылад. Грамадзяне ЗША павінны ведаць, што ўсе электронныя камунікацыі і прылады ў Беларусі кантралююцца беларускімі спэцслужбамі. Яны арыштоўвалі грамадзян ЗША і іншых замежных грамадзян на падставе інфармацыі, знойдзенай на электронных прыладах, у тым ліку зьвестак, якія былі створаныя, перададзеныя або захаваныя ў іншай краіне.

Таксама ў адозьве гаворыцца, што грамадзяне ЗША павінны рэгулярна пераглядаць магчымыя пляны ад’езду ў выпадку надзвычайнай сытуацыі. Памежныя пераходы з суседнімі дзяржавамі часам зачыняюцца без папярэдняга паведамленьня. Магчымае дадатковае закрыцьцё пунктаў пропуску на мяжы Беларусі зь Літвой, Польшчай, Латвіяй і Ўкраінай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кангрэсе ЗША прайшлі слуханьні аб перамяшчэньні ў Беларусь украінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй раёнаў