У Берасьцейскім абласным судзе 13 сьнежня вынесьлі новы прысуд культурніцкаму дзеячу Аляксандру Чахоўскаму — 7 гадоў калёніі і штраф у памеры 800 базавых велічыняў (32 000 рублёў), піша «Вясна».
Ягоную справу наноў разглядалі пасьля таго, як Вярхоўны суд падчас апэляцыі скасаваў прысуд пяці фігурантам справы «Рудабельскай паказухі» ў частцы прызначэньня Чахоўскаму завочнага пакараньня ў выглядзе трох месяцаў арышту. Цяпер у абвінавачаньне яму дадалі два новыя артыкулы. Новы прысуд арт-мэнэджару вынес Сяргей Беразюк.
24 чэрвеня 2024 году Андрэй Павук быў асуджаны на 12 гадоў пазбаўленьня волі і штраф у памеры 5000 базавых велічыняў, Вольга Павук — на 8 гадоў пазбаўленьня волі і штраф у памеры 2500 базавых велічыняў, Маргарыта Ляўчук — 6 гадоў калёніі і штраф у памеры 800 базавых велічыняў, Ільля Салянкоў — на 8 гадоў калёніі і штраф 700 базавых велічыняў, Уладзіслаў Наважылаў — на 8 гадоў калёніі і штраф 500 базавых велічыняў. Над імі суд быў завочны, бо фігуранты жывуць за мяжой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Грыша, заплаціш за мяне штраф?» Сьпявачка Ляўчук і блогер Павук пракамэнтавалі свае завочныя прысудыАляксандра Чахоўскага тады асудзілі за «абразу прадстаўнікоў улады» (арт. 369 КК) і «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў» (арт. 370 КК) на тры месяцы арышту. Але 20 верасьня Вярхоўны суд падчас апэляцыі скасаваў прысуд у дачыненьні да Чахоўскага і адправіў ягоную справу на перагляд у той жа суд. Астатнім фігурантам справы прысуд пакінулі бязь зьменаў.
З 10 па 13 сьнежня 2024 году Аляксандра судзілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Акрамя арт. 369 КК (абраза прадстаўнікоў улады) і арт. 370 КК (зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў), яму яшчэ выставілі абвінавачаньне паводле ч. 1 арт. 361-1 КК (кіраваньне экстрэмісцкім фармаваньнем), ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).
У адпаведнасьці з ч. 2 і 6 арт. 72 КК па сукупнасьці злачынстваў шляхам частковага складаньня асноўных пакараньняў і далучэньня дадатковага канчаткова Чахоўскаму прызначылі пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін 7 гадоў з адбываньнем у папраўчай калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 800 базавых велічыняў на суму 32 000 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Парады палітыкам ад «Рудабельскай паказухі»