Прэм’ер-міністар Грузіі пагражае прэзыдэнту турмой, калі тая не пакіне пасаду

Саломэ Зурабішвілі

Раней Саламэ Зурабішвілі адмовілася пакідаць пасаду прэзыдэнткі краіны, бо не прызнае новы ўрад краіны і вінаваціць яго ў фальсыфікацыі выбараў.

Прэм’ер-міністар Грузіі Іраклі Кабахідзэ заявіў, што прэзыдэнт краіны Саламэ Зурабішвілі павінна пакінуць сваю пасаду 29 сьнежня, калі заканчваецца тэрмін яе паўнамоцтваў. Ён прыгразіў ёй турмой, калі яна гэтага ня зробіць.

«Паглядзім, дзе яна будзе жыць далей — за кратамі ці на волі. Думаю, у яе дастаткова падстаў не парушаць нормы крымінальнага кодэксу», — сказаў прэм’ер-міністар, словы якога прыводзіць грузінская служба Радыё Свабода.

Кабахідзэ таксама заявіў, што Зурабішвілі нібыта мела намер абвясьціць новыя парлямэнцкія выбары, аднак, паводле яго слоў, «хтосьці разумны параіў ёй гэтага не рабіць».

Ён дапусьціў, што суд можа не пасадзіць 72-гадовую палітыка ў турму, аднак могуць пацярпець людзі з атачэньня прэзыдэнткі. Ён дадаў, што Зурабішвілі ператварыла рэзыдэнцыю прэзыдэнта на дом фарсу.

Сама ж Саламэ Зурабішвілі мае намер выступіць на новым мітынгу апазыцыі, які пройдзе ўвечары 22 сьнежня перад грузінскім парлямэнтам. Яна заклікала суайчыньнікаў прыйсьці на яго і зноў запатрабаваць чыстых дэмакратычных выбараў у краіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі заявіла, што ня хоча «станавіцца Ціханоўскай»
  • 14 сьнежня калегія выбарнікаў абрала прэзыдэнтам Грузіі былога футбаліста Міхаіла Кавелашвілі, з чым яго павіншаваў Аляксандар Лукашэнка. Кавелашвілі быў адзіным кандыдатам на пасаду прэзыдэнта, яго вылучыла кіроўная прарасейская партыя «Грузінская мара», якую ЦВК Грузіі абвясьціў пераможцам на спрэчных парлямэнцкіх выбарах у кастрычніку 2024 году. Упершыню за час незалежнасьці Грузіі прэзыдэнта абіралі не ўсеагульным галасаваньнем, а праз калегію выбарнікаў.
  • Інаўгурацыя Кавелашвілі прызначаная на 29 сьнежня. Цяперашняя прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі, чые паўнамоцтвы заканчваюцца 16 сьнежня, назвала выбары «пародыяй і правакацыяй» і адмовілася складаць паўнамоцтвы да правядзеньня новых парлямэнцкіх выбараў у Грузіі. Вынікі парлямэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў кастрычніку, Зурабішвілі, як і апазыцыйныя партыі Грузіі, лічыць нелегітымнымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнт Грузіі забараніў маскі, піратэхніку і лазэры на пратэстах

Акцыі пратэсту ў Тбілісі і па ўсёй Грузіі пачаліся пасьля таго, як вечарам 28 лістапада прэм'ер-міністр Іраклі Кабахідзэ аб'явіў аб прыпыненьні перамоваў аб уступленьні ў ЭЗ. Паводле яго, Тбілісі адкладзе пачатак перамоваў з Эўразьвязам да канца 2028 году, а да 2030 году далучыцца да ЭЗ. Кабахідзэ патлумачыў гэтае рашэньне абразьлівым для Грузіі «шантажом» з боку некаторых эўрапейскіх палітыкаў і чыноўнікаў.

Раней апазыцыя заявіла пра маштабнае фальшаваньне вынікаў парлямэнцкіх выбараў у краіне на карысьць партыі «Грузінская мара». Апазыцыя называе гэтае ўтварэньне прарасейскім. Палітычная рыторыка «Грузінскай мары» апошнім часам стала яшчэ больш антызаходняй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Грузінская мара“ вядзе краіну не ў Брусэль, а ў Будапэшт», — Вадзім Дубноў