Прызначаны суд над зьняволеным ксяндзом: на што яму зьмянілі палітычныя абвінавачваньні

Анджэй Юхневіч, архіўнае фота

Зняволенага пробашча каталіцкай парафіі ў Шуміліне пачнуць судзіць 27 сьнежня.

Айца Анджэя Юхневіча першапачаткова затрымлівалі па «палітычных» адміністрацыйных артыкулах і трымалі больш за 55 сутак у ізалятары. Яго некалькі разоў запар судзілі і падаўжалі арышт, нагадвае katolik.life.

Затым супраць святара распачалі крымінальную справу па артыкулах, якія тычацца палавых стасункаў з непаўнагадовымі, і па якіх прадугледжана ад 5 да 13 гадоў пазбаўленьня волі.

Раней вернікі казалі, што сьвятару пагражалі празь яго прынцыповую пазыцыю падобнай справай.

Пра цяперашні стан святара вядома мала — лісты ад яго вернікам перасталі прапускаць. Тыя, хто блізка знаёмыя з айцом Анджэем, запэўніваюць, што ён ня мог зьдзейсьніць тых злачынстваў, якія яму інкрымінавалі, і лічаць, што справа сфабрыкаваная.

Мясцовыя вернікі таксама кажуць пра сьвятара толькі пазіытыўна, ня вераць у абвінавачаньне і гавораць, што паводзіны айца Анджэя ніколі не паказвалі на тое, што ён схільны да падобных злачынстваў.

Віцебская Курыя пакуль нічога не паведамляла адносна справы. Працэс будзе закрытым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вернікі дазналіся, што ксёндз Юхневіч вельмі зьняможаны і ўпершыню за два месяцы ў турме схадзіў у душ, — katolik. life