Пастаўкі нафты па трубаправодзе «Дружба» прыпыненыя — «Белнафтахім»

Газаправод "Дружба" у Польшчы.

Перапампоўка нафты па трубаправодзе «Дружба» прыпыненая з 19 сьнежня з-за тэхнічных прычына, паведамляе Reuters са спасылкай на тры крыніцы ў галіне.

У беларускім канцэрне «Белнафтахім» пацьвердзілі прыпыненьне транзыту нафты, але не патлумачылі прычыны.

«Перапампоўваньне нафты па трубаправодзе „Дружба“ была спыненая з 19 сьнежня з-за тэхнічных праблемаў», — паведамляе Reutres. Паводле інфармацыі агенцтва, праблема ўзьнікла на помпавай станцыі Унеча (Бранская вобласьць Расеі).

«Крыніцы дадалі, што пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь і краіны ЭЗ былі парушаныя. Тэрміны вырашэньня тэхнічнай праблемы пакуль не ўстаноўленыя. Адна з крыніцаў паведаміла, што праблема можа быць вырашаная на працягу некалькіх дзён, у той час як іншая лічыць, што паставак ня будзе да канца месяца», — піша агенцтва.

У камэнтары беларускаму дзяржаўнаму інфармацыйнаму агецтву БЕЛТА «Белнафтахім» пацьвердзіў прыпыненьне прапампоўваньня, але запэўніў, што беларускія НПЗ працуюць без перабояў.

«Пастаўкі нафты сапраўды прыпыненыя. У краіне створаныя дастатковыя запасы для бесперабойнай працы НПЗ, абодва заводы працягваюць сваю стабільную працу, забясьпечваючы адгрузку нафтапрадуктаў у поўным аб’ёме як на ўнутраны рынак, гэтак і на экспарт», — заявілі ў канцэрне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна зьбіраецца спыніць транзыт расейскай нафты праз трубаправод «Дружба», які праходзіць і ў Беларусі