Міжнародны саюз канькабежцаў (ISU) дазволіў абмежаванай колькасьці індывідуальных спартоўцаў зь Беларусі і Расеі ўдзельнічаць у нэўтральным статусе «на строгіх умовах» у кваліфікацыйных алімпійскіх спаборніцтвах сэзону 2025/26, піша «Позірк».
Рашэньне, як вынікае з апублікаванага 20 сьнежня паведамленьня ISU, тычыцца фігурнага катаньня, канькабежнага спорту і шорт-трэку ў рамках адбору на зімовыя Алімпійскія гульні 2026 году (пройдуць з 6 па 22 лютага ў Міляне і Корціна-д’Ампецо ў Італіі).
Адзначаецца, што «толькі адзін нэўтральны спартовец (уключаючы адну пару ў парным катаньні і адну пару ў танцах на лёдзе)» ад сябраў ISU у Беларусі і РФ — Беларускага саюзу канькабежцаў і Фэдэрацыі фігурнага катаньня на каньках РФ, Саюзу канькабежцаў РФ адпаведна — можа быць дапушчаны «да ўдзелу ў кожным мерапрыемстве на пэўных спаборніцтвах алімпійскай кваліфікацыйнай сэрыі, без удзелу ў эстафэтах ці камандных спаборніцтвах».
ISU пакідае за сабой права «дбайна правяраць» публічныя заявы і выступы спартоўцаў і пэрсаналу «на прадмет таго, ці не падтрымліваюць яны ўварваньня ва Ўкраіну». У прэтэндэнтаў на ўдзел таксама не павінна быць ніякіх кантрактных стасункаў зь якімі-небудзь сілавымі структурамі Беларусі і РФ.
«На працягу ўсяго часу ISU нязьменна асуджае ўварваньне ва Ўкраіну. ISU таксама працягвае аказваць фінансавую падтрымку ўкраінскім фігурыстам», — гаворыцца ў паведамленьні.
Напрыканцы верасьня Міжнародны саюз канькабежцаў вырашыў працягнуць адхіленьне ад спаборніцтваў беларускіх і расейскіх атлетаў.
Генэральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Ксенія Санковіч 14 лістапада на ІІІ Міжнародным навуковым кангрэсе «Каштоўнасьці, традыцыі і навацыі сучаснага спорту» паведаміла, што беларускі бок прыкладзе «ўсе намаганьні», каб айчынныя спартоўцы прынялі ўдзел у зімовых Алімпійскіх гульнях 2026 году.
«Пазытыву пакуль ня так шмат. Аднак надзея на разумнае і рацыянальнае вырашэньне гэтага пытаньня маецца», — адзначыла Санковіч.
Паводле слоў функцыянэркі, НАК «вядзе пастаянны і канструктыўны дыялёг пра ўдзел і аднаўленьне беларускіх атлетаў і каманд на міжнароднай арэне».
28 верасьня паведамлялася, што да выступленьняў у новым сэзоне не дапусьцяць беларускіх біятляністаў. За дзень да гэтага стала вядома пра падаўжэньне адхіленьня ад міжнародных стартаў беларускіх лыжнікаў, гарналыжнікаў, фрыстайлістаў і сноўбардыстаў.
13 кастрычніка паведамлялася, што Санковіч на сустрэчы ў Лязане абмеркавала з прэзыдэнтам Міжнароднага алімпійскага камітэту Томасам Бахам пытаньні ўдзелу беларускіх атлетаў у міжнародных спаборніцтвах.
- 28 лютага 2022 году, празь некалькі дзён пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў спартовыя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамэндацыя была неадкладна і масава прынятая да выкананьня, у выніку чаго расейскі і беларускі спорт аказаўся амаль у поўнай ізаляцыі.
- 25 студзеня 2023 году выканкам МАК пацьвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да Беларусі і РФ праз вайну супраць Украіны, аднак адзначыў, што ніводнаму спартоўцу нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах «толькі празь яго пашпарт».
- 28 сакавіка МАК выпусьціў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у нэўтральным статусе. З аналягічнымі ўмовамі МАК дапусьціў індывідуальных спартоўцаў зь Беларусі і Расеі да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях-2024 у нэўтральным статусе.
- На летняй Алімпіядзе-2024 у Парыжы беларускія атлеты, якія выступалі ў абмежаванай колькасьці і ў нэўтральным статусе, заваявалі чатыры мэдалі — залаты, два сярэбраныя і бронзавы, заняўшы віртуальнае 50-е месца ў агульным заліку.