Эстонія не прызнáе прэзыдэнцкія «выбары» ў Беларусі, заплянаваныя на 26 студзеня 2025 году, і іх вынікі. Гэта вынікае з камэнтара для ERR News генэральнага сакратара Міністэрства замежных спраў гэтай краіны Ёнатана Ўсевіёва, піша «Позірк».
«Мы ня лічым, што ў студзені ў Беларусі пройдуць выбары. Калі рэжым абвесьціць, што выбары адбыліся, то мы, відавочна, дапаможам іншым убачыць, што гэта фарс», — прыводзіць словы дыплямата ERR News.
«На жаль, беларускі народ жыве пад дыктатурай», — дадаў генэральны сакратар МЗС.
Камэнтар Усевіёва сугучны з выказваньнямі міністра замежных спраў Эстоніі Маргуса Цахкны, якія прагучалі 19 лістапада:
«Прэзыдэнцкія выбары, якія маюць адбыцца ў студзені 2025 году, арганізаваныя ў атмасфэры тэрору і ня могуць адпавядаць дэмакратычным нормам», — заявіў міністар.
Цахкна таксама адзначыў, што заходнія краіны «павінны ўзмацніць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі». Гэта неабходна, дадаў дыплямат, каб «ён зразумеў, што прадаваць Расеі сваю краіну і народ недапушчальна».
Прэзыдэнцкая кампанія (асноўны дзень галасаваньня прызначаны на 26 студзеня 2025 году) праходзіць пад поўным кантролем уладаў. Палітычнае поле краіны цалкам зачышчанае ад актыўных апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл за мяжой называюць тое, што адбываецца, «спэцапэрацыяй па ўтрыманьні ўлады», а праваабаронцы кажуць пра імітацыю канкурэнцыі.
З 1996 году ніводная выбарчая кампанія ў Беларусі не была прызнаная незалежнымі назіральнікамі празрыстай і адпаведнай дэмакратычным стандартам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тлумачым з Гурневічам. Як зьбіралі подпісы за Лукашэнку