Хроніка перасьледу ад праваабарончага цэнтру «Вясна».
Стала вядома пра затрыманьне стэндапэра і радыёвядоўцы Сьцяпана Манкевіча
У судзе Савецкага раёну Менску 26 сьнежня пачнуць судзіць 33-гадовага шоўмэна Сьцяпана Манкевіча. Яму інкрымінуецца артыкул 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Працэс будзе весьці судзьдзя Сяргей Шаціла.
Сьцяпан — беларускі комік. Адвучыўся на псыхоляга ў Беларускім дзяржаўным пэдагагічным унівэрсытэце, працаваў вядоўцам на «Радыюс ФМ». Апошнія гады быў вядомы як стэндапэр, таксама займаўся правядзеньнем вясельляў, піша «Наша Ніва».
Інфармацыйнае агенцтва «Позірк» прызнанае «экстрэмісцкім фармаваньнем»
Адпаведнае рашэньне МУС прыняло 19 сьнежня.
Паводле ведамства, дачыненьне да «Позірку» маюць Тацяна Каравянкова, Раман Кісьляк, Пётра Рудкоўскі, Аляксандар Фрыдман, Аляксандар Класкоўскі.
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкай» старонку ў «Х» Аляксандры Матвійчук — сяброўкі ўкраінскага праваабарончага цэнтру, які ў 2022 годзе стаў ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру.
Адпаведнае рашэньне прынятае 18 сьнежня судом Цэнтральнага раёну Менску. На старонку ўкраінскай праваабаронцы падпісаныя амаль 200 000 чалавек.
Таксама «экстрэмісцкі сьпіс» папоўнілі старонкі ў «Х» «j_matuzova», «Lastanka», старонкі ў «TikTok» «NarDep», «Александр», «Кастусь», «Мiкiта», «potatoesSs».
Хапун у Дзяржынску
Пра затрыманьні ў Дзяржынску паведамляе тэлеграм-канал праваабарончага цэнтру «Вясна».
У аўторак у Дзяржынску прайшлі затрыманьні і ператрусы, піша «Вясна».
Паводле папярэдняй інфармацыі, сілавікоў цікавілі незалежныя назіральнікі на мінулых выбарах, а таксама людзі, якія праходзілі па адміністрацыйных справах за ўдзел у пасьлявыбарчых пратэстах.
Дакладная колькасьць затрыманых высьвятляецца.