Эвакуацыю «яшчэ адной групы» беларускіх грамадзян паведамляе прэс-служба Міністэрства замежных спраў.
Эвакуацыю з Дамаску забясьпечыла «праца амбасады Беларусі ў Сырыі і консульскай службы МЗС, у тым ліку консулаў, якія знаходзяцца зараз у Бэйруце».
«22 чалавекі, якія знаходзіліся ў Сырыі па камэрцыйных кантрактах для абслугоўваньня Тышрынскай ГЭС, пасьпяхова пакінулі краіну і ўжо рухаюцца на радзіму па тэрыторыі саюзнай дзяржавы», — гаворыцца ў паведамленьні.
Замежнапалітычнае ведамства выказала ўдзячнасьць усім, «хто садзейнічаў у разьвязаньні гэтага няпростага пытаньня», у тым ліку «замежным партнэрам і ганароваму консулу Беларусі ў Лібане».
9 сьнежня Міністэрства замежных спраў Сырыі заявіла, што ўсе дыпляматычныя прадстаўніцтвы краіны за мяжой, уключаючы пасольства ў Беларусі, працягнуць працаваць. Аднак 15 сьнежня неафіцыйны тэлеграм-канал беларускага МЗС паведаміў, што пасольства Беларусі ў Сырыі прыпыніла працу «з улікам наяўнай абстаноўкі», дыпляматы «вывезеныя ў Менск» — з дапамогай расейцаў.
Было заяўлена, што беларускі пасол Юры Слука «некаторы час будзе ў сталіцы на кансультацыях, па выніках якіх плянуецца правесьці паглыбленую ацэнку становішча». У сталіцы Лібану «разгорнуты часовы консульскі пункт» пасольства для «працягу консульскай дзейнасьці і аказаньня магчымай дапамогі» грамадзянам Беларусі.
8 снежня стала вядома аб падзеньні рэжыму Башара Асада ў Сырыі. Ён кіраваў краінай з 17 ліпеня 2000 году, змяніўшы на пасадзе прэзыдэнта свайго бацьку Хафэза Асада, які прыйшоў да ўлады ў выніку вайсковага перавароту ў лістападзе 1970-га. У суме сям’я Асадаў кіравала краінай 54 гады.
Пасьля ўцёкаў з Сырыі Асад зь сям’ёй прыбыў у Расею, дзе атрымаў прытулак.
- 27 лістапада ўзброеныя сырыйскія паўстанцы пачалі маштабны наступ на пазыцыі сырыйскага войска ў правінцыях Алепа і Ідліб. Да вечара 7 сьнежня яны захапілі некалькі буйных гарадоў (Алепа, Хама, Дэраа і Хомс), а 8 сьнежня ўвайшлі ў Дамаск, падразьдзяленьні сырыйскіх урадавых сілаў пакінулі горад.
- У МЗС Расеі заявілі, што Башар Асад правёў перамовы з апазыцыйнымі сіламі і ў выніку «вырашыў пакінуць прэзыдэнцкую пасаду, пакінуў краіну і даў указаньне перадаць уладу мірным шляхам». Увечары Расея заявіла, што Асад разам зь сям’ёй прыбыў у Маскву і атрымаў там прытулак.
- Лідэры паўстанцаў абяцаюць сфармаваць новы ўрад шляхам выбараў.
- МЗС Беларусі адразу выказвала падтрымку Башару Асаду, а таксама «ўраду і народу брацкай Сырыі ў сувязі з атакамі тэрарыстычных фармаваньняў у правінцыях Алепа і Хама». Пазьней у ведамстве гаварылі ўжо пра «прадстаўнікоў узброенай апазыцыі, якая прыйшла да ўлады».
Падзеньне рэжыму Асада ў Сырыі
- З 2011 году ў Сырыі ішла грамадзянская вайна. Расейскія вайскоўцы ўдзельнічалі ў гэтай вайне з 2015 году на баку прэзыдэнта Башара Асада, наносячы бомбавыя ўдары па пазыцыях ягоных праціўнікаў. Расейцы бралі ўдзел у наземных апэрацыях, да якіх прыцягвалі таксама наймітаў ПВК «Вагнэр».
- Узброеныя групоўкі, апазыцыйныя ўраду Башара Асада, актывізаваліся ў Сырыі 27 лістапада 2024 году. Іх узначаліў Мухамад аль-Джуляні. Тады сырыйскія паўстанцы пачалі маштабны наступ на пазыцыі ўрадавага войска ў правінцыях Алепа і Ідліб. Да вечара 7 сьнежня яны захапілі некалькі буйных гарадоў (Алепа, Хама, Дэраа і Хомс).
- 8 сьнежня паўстанцы ўвайшлі ў Дамаск, а падразьдзяленьні сырыйскіх урадавых сілаў пакінулі горад. Тым самым быў зрынуты рэжым Башара Асада. Дыктатар тэрмінова пакінуў краіну.
- Расея заявіла, што Асад разам зь сям’ёй прыбыў у Маскву і атрымаў там прытулак. На тэрыторыі Сырыі застаюцца яшчэ дзьве буйныя расейскія вайсковыя базы і некалькі дзясяткаў вайсковых аб'ектаў.
- На поўнач ад Дамаску ў вайсковай турме Сэйдная, вядомай як «бойня», жанчыны-вязьні, некаторыя зь дзецьмі, крычалі, калі мужчыны ламалі замкі зь дзьвярэй іх камэраў. Amnesty International і іншыя групы кажуць, што ў гэтай турме дзясяткі людзей таемна каралі сьмерцю кожны тыдзень. Паводле ацэнак, да 13 тысяч сырыйцаў забілі ў пэрыяд з 2011-га па 2016 год.
- На памежных пунктах Сырыі 9 сьнежня былі чэргі з сотняў сырыйскіх уцекачоў, якія вырашылі вярнуцца ў краіну пасьля падзеньня рэжыму Асада. Найбольшыя чэргі сабраліся на межах Сырыі зь Лібанам і Турэччынай.
- У амбасадах Сырыі па ўсім сьвеце, у тым ліку ў Менску, пачалі замяняць сьцягі на зялёна-бела-чорны з чырвонымі зоркамі, пад якімі ішлі паўстанцы.
- 10 сьнежня стала вядома, што часовым прэм’ер-міністрам пераходнага ўраду Сырыі пасьля зьвяржэньня рэжыму Асада прызначаны Мухамад аль-Башыр. Ён будзе заставацца на часовай пасадзе да 1 сакавіка.
- На чале паўстанцаў стаіць ісламісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам» (HTS). Яна паабяцала ніяк не перасьледаваць салдатаў тэрміновай службы, прызваных ва ўрадавую армію Асада, і абвясьціла для іх амністыю. Амністыя не датычыць тых, хто далучыўся да войскаў Асада добраахвотна.
- «Хаят Тахрыр аш-Шам» — ваяўнічая ісламісцкая групоўка, якая імкнецца стварыць у Сырыі дзяржаву, якая будзе кіравацца ісламскім правам. HTS знаходзіцца ў хаўрусе зь некалькімі меншымі ваяўнічымі ісламісцкімі групоўкамі, некаторыя зь якіх складаюцца з замежных баевікоў з Эўропы і Цэнтральнай Азіі.