Apple заклікалі адмовіцца ад функцыі штучнага інтэлекту пасьля стварэньня ім ілжывага загалоўка

«Рэпартэры бязь межаў» заклікалі Apple адмовіцца ад сваёй новай функцыі генэратыўнага штучнага інтэлекту (ШІ) пасьля таго, як зь яго дапамогай быў створаны загаловак пра гучнае забойства ў ЗША, які ўводзіць чытача ў зман, паведамляе ВВС.

Брытанская вяшчальная карпарацыя BBC падала скаргу амэрыканскаму тэхналягічнаму гіганту Apple аб стварэньні фальшывага загалоўка пры стварэньні групавых апавяшчэньняў. Apple Intelligence, якая выкарыстоўвае штучны інтэлект, згенэравала зводку навінаў ад BBC News, у якой сьцьвярджалася, што Луіджы Манджонэ, падазраваны ў забойстве гендырэктара мэдычнай страхавой кампаніі Браяна Томпсана ў Нью-Ёрку, застрэліўся. Насамрэч ён гэтага не рабіў.

Калі зьявілася гэтае групавое апавяшчэньне, прадстаўнік BBC заявіў, што карпарацыя зьвязалася з Apple, «каб узьняць праблему і вырашыць яе». BBC пакуль не пацьвердзіла, ці адрэагавала Apple на скаргу.

Пасьля гэтага выпадку міжнародная няўрадавая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» заклікала Apple выдаліць гэтую тэхналёгію. У арганізацыі заявілі, што яны «вельмі занепакоеныя рызыкамі, якія ўяўляюць для СМІ інструмэнты штучнага інтэлекту». На думку «Рэпартэраў бязь межаў», гэты інцыдэнт з артыкулам BBC даказвае, што «генэратыўныя службы ШІ ўсё яшчэ занадта нясьпелыя, каб прадстаўляць грамадзкасьці надзейную інфармацыю».

«„Рэпартэры бязь межаў“ заклікаюць Apple дзейнічаць адказна, выдаліўшы гэтую функцыю. Аўтаматызаваная вытворчасьць ілжывай інфармацыі, якая прыпісваецца СМІ, становіць удар па рэпутацыі СМІ і пагрозу праву грамадзкасьці на праўдзівую інфармацыю аб бягучых падзеях», — гаворыцца ў заяве арганізацыі.

Apple Intelligence запусьцілі ў Вялікай Брытаніі на мінулым тыдні. Адна з функцыяў — ствараць зводкі навінаў, бачныя ў гаджэце на экране блякаваньня.

Apple не давала ніякіх камэнтароў ад моманту зьяўленьня гэтай гісторыі на мінулым тыдні.

BBC, падобна, не адзінае мэдыя, чые загалоўкі былі скажоныя новай тэхналёгіяй штучнага інтэлекту Apple, адзначае карпарацыя. Так, 21 лістапада тры артыкулы зь New York Times былі згрупаваныя разам у адно апавяшчэньне, у першай частцы якога было напісана, што «Нэтаньягу арыштаваны» (прэм’ер-міністар. Ізраілю — РС), у той час як у самім артыкуле ішла гаворка пра тое, што Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Нэтаньягу, а не пра тое, што прэм’ер-міністра Ізраілю арыштавалі — насамрэч ён на волі.

Памылку заўважыў журналіст Кен Швэнке з амэрыканскага сайта журналісцкіх расьсьледаваньняў ProPublica. Ён расказаў BBC News, што зрабіў здымак экрана і пацьвердзіў, што ён сапраўдны. The New York Times адмовілася ад камэнтароў.

  • Apple Intelligence — гэта служба штучнага інтэлекту, якая выконвае для сваіх карыстальнікаў шэраг функцыяў, у тым ліку стварэньне тэксту, апрацоўку малюнкаў і групаваньне апавяшчэньняў пра навіны.
  • Функцыя даступная толькі на пэўных iPhone — тых, якія выкарыстоўваюць вэрсію сыстэмы iOS 18.1 або пазьнейшую на апошніх прыладах (усе тэлефоны iPhone 16, 15 Pro і 15 Pro Max). Таксама функцыя даступная на некаторых iPad і Mac. Згрупаваныя апавяшчэньні пазначаюцца адмысловым значком.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Куды коціцца сьвет». Навуковец-беларус з Гаваяў пра выйгрыш і пагрозы ад штучнага інтэлекту