Зьнешні гандаль Беларусі працягвае скарачацца, у 2025 годзе рост ВУП можа запаволіцца да 1,7%, — BEROC

Экспарт калійных угнаеньняў. Ілюстрацыйнае фота

Рост валавога ўнутранага прадукту Беларусі ў 2025 годзе запаволіцца «прыкладна да 1,7%», прагназуе старшы навуковы супрацоўнік BEROC Анатоль Харытончык. Пра гэта ён заявіў падчас прэзэнтацыі 19 сьнежня базавага сцэнару ў рамках макраэканамічнага прагнозу на наступны год.

Да такога выніку, паводле Харытончыка, прывядуць як зьнешнія прычыны («чаканае запаволеньне росту расейскай эканомікі»), так і ўнутраныя («дэфіцыт працоўнай сілы, рэкордная загрузка вытворчых магутнасьцяў, праблемы зь лягістыкай праз санкцыі і рост канкурэнцыі на рынку Расеі абмежавалі здольнасьць беларускіх вытворцаў падтрымліваць высокія тэмпы росту выпуску»).

Тым часам, гаворачы пра 2024 год, экспэрты BEROC чакаюць, што беларуская эканоміка сёлета вырасьце прыкладна на 3,9%, Паводле Белстату, па выніках 11 месяцаў ВУП вырас на 3,9%. Паводле плянавых парамэтраў разьвіцьця Беларусі на 2024 год, агучаных уладамі, прырост ВУП павінен скласьці 3,8%.

У 2025 годзе «рынак працы працягне функцыянаваць ва ўмовах дэфіцыту працоўнай сілы, што будзе падштурхоўваць заробкі ўверх». Аднак, адзначае эканаміст, магчымасьці для павелічэньня заробкаў «будуць абмежаваныя праз чаканае запаволеньне росту выпуску як у Беларусі, так і ў Расеі».

«Такім чынам, у базавым сцэнары прагназуецца рост рэальнай заработнай платы на 5% пасьля павелічэньня прыкладна на 13% сёлета», — сказаў Харытончык.

Зьнешні гандаль таварамі і паслугамі застанецца дэфіцытным. Па выніках 2024 году адмоўнае сальда зьнешняга гандлю таварамі і паслугамі складзе каля 1% ВУП, прагназуюць аналітыкі. Ва ўмовах залішняга попыту, паводле экспэрта, імпарт застанецца высокім, а «дынаміка экспарту аслабне».

«Такая дынаміка імпарту і экспарту прывядзе да дэфіцыту зьнешняга гандлю таварамі і паслугамі, які прагназуецца блізкім да 0–1% ВУП у наступным годзе. Такі маштаб дэфіцыту стварае ўмовы не для дэвальвацыі, але для ўмеранага абясцэньваньня беларускага рубля», — заявіў Харытончык.

Паводле прагнозу BEROC, па выніках 2024 году інфляцыя ў Беларусі складзецца на ўзроўні 5,4%. У базавым сцэнары на наступны год чакаецца аслабленьне беларускага рубля прыкладна на 4,6% адносна кошыка валют.

Высокі інфляцыйны ціск у 2025 годзе, паводле эканаміста, будуць чыніць, сярод іншага, «перагрэты спажывецкі попыт, высокая інфляцыя ў Расеі, эфэкт санкцыяў і назапашаная інфляцыйная навісь праз кантроль цэнаў на ўнутраным рынку». Кантроль над цэнамі, на думку экспэртаў, «затрымае і аслабіць фактычны рост цэнаў».

«У базавым сцэнары мяркуецца, што кантроль над цэнамі будзе паступова аслабляцца налета, каб прадухіліць значнае пагаршэньне фінансавага становішча прадпрыемстваў і зьніжэньне аб’ёмаў вытворчасьці. Такім чынам, калі кантроль за цэнамі застанецца, але паступова аслабне, дык інфляцыя павялічыцца з 5,4% напрыканцы гэтага году да 7,6% у наступным годзе», — прагназуе прадстаўнік BEROC.

Эканаміст падкрэсьлівае, што базавы сцэнар — мадэль «мяккай пасадкі перагрэтай беларускай эканомікі», аднак яго рэалізацыя «крытычна залежыць ад умоваў».

«У базавым сцэнары мяркуецца, што рэжым санкцыяў будзе дзейны ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве, што ланцужкі імпарту і экспарту ня будуць парушаныя, а адаптыўнасьць бізнэсу, хатніх гаспадарак і ўладаў да іх магчымых парушэньняў будзе высокай, — адзначыў ён. — Таксама мяркуецца, што Расея працягне аказваць Беларусі падтрымку».

У той жа час, паводле экспэртаў BEROC, зусім ня выключаная магчымасьць «сцэнару жорсткай пасадкі», пры якім «значна зьнізяцца ўзровень выпуску і спажываньне хатніх гаспадарак». «Нешта накшталт глыбокай рэцэсіі, якую беларуская эканоміка перажыла ў 2015–2016 гадах. <...> Празь перагрэў і адсутнасьць рэальнай незалежнасьці Нацбанку беларуская эканоміка вельмі ўразьлівая для моцных шокаў», — канстатаваў Харытончык.

Ключавое пытаньне пры такім сцэнары — ці змогуць прадпрыемствы і банкі пераадолець рэзкае падзеньне попыту, «ня выклікаўшы хвалю банкруцтваў і фінансавы крызіс».

  • Паводле найважнейшых прагнозных (дэ-факта плянавых) парамэтраў разьвіцьця Беларусі на 2024 год, прырост ВУП павінен скласьці 3,8%. У адпаведнасьці з зацьверджанымі прагнознымі парамэтрамі разьвіцьця Беларусі на 2025 год, рост ВУП краіны прагназуецца на ўзроўні 4,1%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зацьвердзіў бюджэт на 2025 год. У ім прадугледжаны рост выдаткаў на абарону і сілавікоў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эканоміка: у 2025-м магчымы шокавы варыянт, — Зьміцер Крук