Пра гэта і пра іншае мы гаворым з доктарам гістарычных навук, супрацоўнікам Інстытуту гісторыі Польскай акадэміі навук Аляксандрам Грушам.
0:00 – кім сябе лічылі праваслаўныя Гедзімінавічы, нашчадкі Гедзіміна і Альгердавіча
8:19 – ці не зьяўляецца сытуацыя, калі чалавек адначасова лічыць сябе і русінам, і літвінам, сутнаснай характарыстыкай ВКЛ
12:46 – ці не ў асыміляцыі балтаў славянамі хаваецца ключ да разуменьня Вялікага Княства Літоўскага
17:10 – чаму мяжа паміж славянамі і балтамі пасоўвалася на паўночны захад
23:15 — чаму Жыгімонт І Стары выбачаўся за кар'еру князя Канстанціна Астроскага
26:49 – ці тычылася назва Русь тэрыторыі сучаснай Беларусі ў часы ВКЛ
Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Абламейкі з Аляксандрам Грушам:
— Мінулы раз вы расказалі, як падчас віленскага сойму 1528 году справа ад караля польскага і Вялікага князя Літоўскага Жыгімонта І Старога — гэта значыць на самым ганаровым месцы — сядзелі чатыры праваслаўныя князі Гедзімінавічы. Раскажыце больш падрабязна пра становішча ў дзяржаве праваслаўных Гедзімінавічаў у XV — XVI стагодзьдзях і іх думку пра сябе.
— Я пачну здалёк. Давайце зноў вернемся ў ХІІІ стагодзьдзе і паразважаем, чаму паганскія князі раптам прымалі хрысьціянства. Заходняга ці ўсходняга абраду — у дадзеным выпадку гэта ня важна.
Калі мы гаворым пра пэрыяд станаўленьня дзяржаўнасьці, то можна заўважыць наступную заканамернасьць. Паганскія князі прымаюць хрысьціянства ад той часткі сьвету, на якую яны разьлічваюць у барацьбе за ўсталяваньне сваёй улады.
Першы прыклад — гэта Таўцівіл. Ён быў выгнаны Міндоўгам разам зь іншымі сваякамі, уцёк у Тэўтонскі ордэн праз тэрыторыю Галіцка-Валынскай Русі, дзе кіраваў Даніла Галіцкі. І Таўцівіл прымае каталіцтва. І тое самае хутка робіць Міндоўг. І з усяго кантэксту гэтай барацьбы, так ці іначай, відаць, што і Таўцівіл, і Міндоўг разьлічвалі на дапамогу Тэўтонскага ордэну.
Успомнім сына Міндоўга князя Войшалка. Ён таксама прыняў хрысьціянства, але ўсходняга абраду, праваслаўе. Але ў яго былі троху іншыя стратэгічныя погляды на тое, хто мог аказаць яму дапамогу ў барацьбе за ўсталяваньне яго ўлады. Ён, у дадзеным выпадку, разьлічваў у першую чаргу на Галіцка-Валынскіх князёў. Гэта дакладна відаць з усіх крыніцаў, найперш, з дадзеных Іпацьеўскага летапісу, у якіх шчыльных кантактах Войшалк быў з тымі князямі.
І мне здаецца, што гэтыя назіраньні даюць ключ да разуменьня таго, чаму прадстаўнікі кіруючай літоўскай дынастыі прымалі хрысьціянства, прымалі праваслаўе.
Калі мы зьвернемся да сыноў Гедзіміна ці ўнукаў Гедзіміна, то заўважым, што тыя сыны і ўнукі, якія прынялі праваслаўе, як правіла мелі княжаньне на тэрыторыі цяперашняй Беларусі і цяперашняй Украіны — гэта значыць, менавіта Русі.
Як можна патлумачыць прыняцьце імі праваслаўя? Яны разьлічвалі на дапамогу тых грамадзтваў, часткай якіх яны самі станавіліся. Яны прымалі праваслаўе — рэлігію сваіх падданых — і станавіліся часткаю аднаго палітычнага цела.
У дадзеным выпадку гэта можна разглядаць як папулізм, як дастаткова гнуткую палітыку, але ў ніякім выпадку нельга казаць, што вось настаў момант ісьціны, вось яны беларускія князі, вось яны носьбіты беларускай культуры і т. д. Тут трэба лічыцца з тым фактам, што гэтыя князі так ці іначай падпарадкоўваліся вярхоўнаму князю, які знаходзіўся ў літоўскім княжаньні, у Вялікім Княстве Літоўскім у вузкім значэньні гэтага слова, будучы паганцам, а троху пазьней — католікам.
Калі ж гаварыць аб тым, што яны зь сябе ўяўлялі і якой уладай валодалі, то ўспомнім як вялікі князь Гедзімін пісаў пра паўнату сваёй улады. Ён пісаў аб тым, што ён мае права мілаваць, кіраваць, загадваць, караць, даваць ці не даваць доступу да сваіх уладаньняў. І вось гэтай паўнатой улады ў сваіх уладаньнях валодалі яго дзеці, унукі і наогул прадстаўнікі кіруючага роду — гэта значыць, яны былі поўнымі сувэрэнамі. У сваіх уладаньнях яны зьяўляліся галоўнымі вайсковымі кіраўнікамі і галоўнымі судзьдзямі. Але калі яны прымалі праваслаўе, то яны зьяўляліся і галоўнымі апекунамі мясцовых храмаў. Шмат сьведчаньняў захавалася аб тым, што гэтыя праваслаўныя князі Гедзімінавічы падтрымлівалі алтары, падтрымлівалі храмы, ахвяравалі розныя ўладаньні на карысьць цэркваў і т. д. Гэта значыць, гэта адно палітычнае цела, адной рэлігіі.
Але нельга перабольшваць значэньне факту хрышчэньня тымі князямі, якія валодалі сваімі княжаньнямі на тэрыторыі Русі паколькі ёсьць іншыя прыклады. Той жа князь Манівід, сын Гедзіміна, які меў Слонім і Кернаў, але не прыняў хрысьціянства. Або першы мсьціслаўскі князь Казімір-Карыгайла, які быў католікам.
Можна казаць, што гэтая практыка існавала, але гэта не было нейкім агульным правілам. У ранейшай нашай гутарцы мы гаварылі аб тым, што Альгерд, будучы віцебскім князем, хутчэй за ўсё (усе факты сьведчаць пра гэта) не прыняў хрысьціянства. Ён прыняў нейкія традыцыі, карыстаўся імі, але ён разьлічваў на княжаньне Літоўскае (так гэты палітычны арганізм называўся у тагачасных крыніцах), таму яму была вельмі і вельмі небясьпечна прымаць праваслаўе.
Вось што можна коратка сказаць пра тых праваслаўных князёў. Гэта сапраўды нашчадкі Гедзіміна. Калі гаварыць пра Алелькавічаў, то гэта нашчадкі Ўладзіміра Альгердавіча. Калі гаварыць пра Сангушкаў, то гэта нашчадкі Фёдара Альгепрдавіча. Калі гаварыць пра Жэслаўскіх, то гэта нашчадкі Івана-Яўнута, які пазьней, пасьля выгнаньня зь Вільні хрысьціўся ў Маскве, у вялікага князя Сямёна Гордага, прыняў праваслаўе, вярнуўся ў Вялікае Княства Літоўскае і атрымаў у галоўнае ўладаньне Заслаўе. Калі гаварыць пра Чартарыйскіх, то, на думку сучасных дасьледчыкаў, у дадзеным выпадку я спасылаюся на думку польскага гісторыка Яна Тынькоўскага, яны былі нашчадкамі Канстанціна Карыятавіча.
— Але ў нашу папярэднюю гутарку, адказваючы на маё пытаньне пра тое, кім сябе лічылі Алелькавіы ў канцы XV стагодзьдзя, вы сказалі, што яны, канечне, лічылі сябе русінамі. Таму тут паўстае наступнае пытаньне. Людзі і дзяржаўныя дзеячы, пра якіх вы толькі што расказвалі, былі, фактычна, і літвінамі і русінамі. Ці ня тут хаваецца ключ да сутнаснага разуменьня самога характару Вялікага княства Літоўскага?
— Я ўдакладню. Фактычна, русінамі так, яны былі. Але пры гэтым яны заставаліся і літвінамі. Так, вера была грэцкаю, вера была руская, але яны не забывалі пра сваё літоўскае паходжаньне.
Але адказваючы на гэтае пытаньне, я яшчэ дапоўню адказ і на першае ваша пытаньне адносна гэтых князёў. Так, Глеб-Нарымонт, полацкі князь — гэта адзін са старэйшых сыноў Гедзіміна — быў праваслаўным. Але ведаеце, як ён загінуў, калі ратаваўся ад войскаў Тэўтонскага ордэну, якія яго перасьледавалі пасьля бітвы на Стрэве ў 1348 годзе? Ён скончыў жыцьцё самагубствам, засіліўся. Паводле Пятра з Дуізбургу, ня толькі для прусаў, але і для літоўцаў быў характэрны звычай у непераадольных абставінах, у безвыходных сытуацыях канчаць жыцьцё самагубствам. І вось глядзіце: праваслаўны князь, носьбіт «рускай» культуры, які ўжо прыняў тэхналёгіі і звычкі русінаў, але традыцыі, якія нагадваюць яму пра яго літоўскае паходжаньне, захоўваюцца.
Калі гаварыць пра сутнасьць Вялікага Княства Літоўскага, то мне здаецца, што гэта больш складаны арганізм. Гэта ня толькі дачыненьні паміж праваслаўнымі і паганцамі, паміж праваслаўнымі і католікамі на ўзроўні ўлады і нізоў. Насамрэч гэта сукупнасьць абсалютна розных культур, ідэалёгій, рэлігій, якія стварылі абсалютна іншую культуру. Гэта адзінства ў разнастайнасьці. Прычым такое адзінства ў разнастайнасьці, якое мела вялізны патэнцыял для самаўзнаўленьня. Давайце задумаемся над тым фактам, што Вялікае Княства Літоўскае праіснавала з другой паловы ХІІІ стагодзьдзя аж да самага канца XVIII стагодзьдзя. Гэта рэдкі выпадак, калі розныя народы, якія валодаюць сваёй дакладнай ідэнтычнасьцю, суіснуюць і ўзаемадзейнічаюць у рамках адных палітычных межаў. Гэта ўнікальнае ўтварэньне.
У мяне ёсьць адна публікацыя, гэта публікацыя двух дакумэнтаў, якія характарызуюць добрасуседзкія адносіны паміж літвінамі і русінамі. Праваслаўны рускі князь Сямён Адзінцэвіч падтрымлівае кантакты зь літвінам Янам Вайшвілавічам, католікам. Яны сустракаюцца, абменьваюцца падарункамі. І вось гэта яшчэ адна з формаў узаемадзеяньня. Прычым не на вэртыкальным, але на гарызантальным узроўні.
На жаль, формы ўзаемадзеяньня розных культур, розных ідэалёгій, розных рэлігій у палітычных рамках Вялікага Княства Літоўскага вывучаныя вельмі слаба. Так што нават названыя мной факты паказваюць на тое, што гэтая тэма выглядае вельмі пэрспэктыўна.
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах:
Your browser doesn’t support HTML5
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
ХХХ