Падчас прэс-канфэрэнцыі 19 сьнежня Ўладзімір Пуцін заявіў, што Расея згодная на перамовы з Украінай «без папярэдніх умоваў», але ўлічваючы так званыя Стамбульскія дамоўленасьці і цяперашнія рэаліі. Пры гэтым Пуцін назваў Зяленскага нелегітымным і заявіў, што падпісваць якія-небудзь дамоўленасьці Масква гатовая толькі зь Вярхоўнай Радай. Уладзімір Зяленскі пракамэнтаваў гэтую заяву.
«Я ў цэлым зьдзіўлены, што ён да нечага там гатовы. Ён увесь час кажа, што я нелегітымны, ці як яны там кажуць. Што да Стамбульскіх пагадненьняў, якія ніколі не існавалі, а быў ультыматум Расейскай Фэдэрацыі ў першы ж дзень акупацыі нашай дзяржавы ў 2022 годзе. Іх ганцы па розных кірунках, выкарыстоўваючы розныя крыніцы, паказвалі нам дэталі гэтага ўльтыматуму. Гэтых ганцоў ва Ўкраіне няма. Яны ўжо ўцяклі ў Расею ці за мяжу. У любым выпадку, Украіна не пагадзілася на ультыматум Расеі», — сказаў ён, адказваючы на пытаньне ўкраінскай службы Радыё Свабода.
Паводле Зяленскага, расейскі бок паспрабаваў рабіць наступныя крокі, недзе зьмякчаць свае пазыцыі па гэтым ультыматуме.
«Украіна нічога не падпісвала, ніякіх дамоваў не было. Гэта быў адказ на ўльтыматум Расеі. Дэмілітарызацыя, дэнацыфікацыя? Галоўны нацыст сёньня на плянэце Пуцін гаворыць пра дэнацыфікацыю ўкраінцаў. Дэмілітарызацыя, далей, каб войска Ўкраіны не існавала, ці нешта казалі пра 40–50 тысяч. Гэта значыць, ён проста прапаноўваў Украіне здацца, замарозіць канфлікт, зьмяніць напрамак разьвіцьця — ні Эўропа, ні NATO, а накіраваньне ў Расейскую Фэдэрацыю, каб яны кіравалі нашай дзяржавай, пазбавіць нас незалежнасьці. І гэты чалавек кажа, што гэта нейкія ўгоды. Проста стары фантазёр. Ну, рэальна — ён жыве ў іншым сьвеце, у сваім акварыюме», — дадаў Зяленскі.
Таксама 19 сьнежня Ўладзімір Зяленскі зрабіў шэраг заяваў падчас прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі. Сярод іншага, прэзыдэнт Украіны пракамэнтаваў прапанову Пуціна зрабіць «высокатэхналягічную дуэль» і ўдарыць ракетай «Арэшнік» па Кіеве.
«Бачыце, з кім мы маем справу. Сёньня таварыш з Крамля сказаў, што Расея прапануе „тэхналягічную дуэль“... Пуцін кажа: „Мы ўдарым, напрыклад, кудысьці па Кіеве „Арэшнікам“, а яны [заходнія партнэры] няхай паставяць СПА. Ну і паглядзім, што будзе“. Ну, вы лічыце, гэта адэкватны чалавек? Проста адмарозкі», — сказаў Зяленскі.
Узмацненьне супрацьпаветранай абароны Ўкраіны было на парадку дня перамоваў прэзыдэнта Ўкраіны з генэральным сакратаром NATO і лідэрамі Эўразьвязу, адзначыў Зяленскі.
Таксама падчас прэс-канфэрэнцыі Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Ўкраіна не плянуе працягваць транзыт расейскага газу.
«Мы ня будзем даваць магчымасьць Расеі дадаткова зарабляць на нашай крыві. Любая краіна сьвету, якая можа атрымаць нешта таннае ад Расеі, у рэшце рэшт — сто працэнтаў, ці за месяц, ці за год, — будзе залежная ад Расеі. Гэта іхная палітыка. Таму расейскі газ транзытаваць мы ня будзем», — сказаў Зяленскі і дадаў, што Ўкраіна гатовая разглядаць толькі транзыт газу, які паходзіць зь іншай краіны і не дазваляе Маскве атрымліваць даходы.
Кантракт тэрмінам на 5 гадоў па транзыце расейскага газу праз Украіну ў Эўропу падпісалі ў 2019 годзе. Асноўнымі пакупнікамі да гэтага часу заставаліся Славаччына і Аўстрыя. Зрэшты, 11 сьнежня аўстрыйская кампанія OMV скасавала доўгатэрміновы кантракт на пастаўку газу з расейскай кампаніяй «Газпром экспарт» («дачка» «Газпрома») з прычыны «шматлікіх істотных парушэньняў». У лютым 2024 году профільная эўракамісарка па энэргетыцы Кадры Сімсан у камэнтары Радыё Свабода паведаміла, што Эўразьвяз не зацікаўлены ў падаўжэньні транзыту расейскага газу праз тэрыторыю Ўкраіны пасьля завяршэньня дзеяньня трохбаковага кантракту.