Міністэрства замежных справаў Польшчы 18 сьнежня выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі Аляксея Панкраценку. Як вынікае з паведамленьня польскага ведамства, прадстаўнік Беларусі быў выкліканы «ў сувязі з агрэсіўнымі дзеяньнямі беларускага КДБ у дачыненьні да дыпляматаў Рэспублікі Польшча на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама трэціх краін».
Акрамя таго, нагодай для выкліку стала нота МЗС Беларусі, уручаная прадстаўніку Польшчы ў Менску 11 сьнежня. У польскім МЗС заявілі, што працяг такіх правакацый сустрэне сымэтрычны адказ з польскага боку.
На мінулым тыдні па беларускай тэлевізіі паказалі фільм пра спробу вярбоўкі беларускага дыплямата польскімі спэцслужбамі ў Малдове, якая нібыта мела месца ў Кішынёве. 11 сьнежня часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Кшыштаф Ажанна быў выкліканы ў МЗС, дзе яму ўручылі ноту.
Reform.news удалося высьветліць, што дыплямат, якога, паводле вэрсіі беларускага боку, спрабавалі падкупіць польскія спэцслужбы, можа быць супрацоўнікам КДБ, які працуе пад прыкрыцьцём. Іншыя крыніцы пра датычнасьць дыплямата да беларускіх спэцслужбаў не пісалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі абвінаваціў Польшчу ў спробе завэрбаваць беларускага дыплямата ў Малдове