Журналісты Радыё Свабода склалі базу крымчанаў, якія ваявалі супраць Украіны і загінулі

Застаўка праекту «Груз 200»

Базу назвалі «Груз 200», яна папаўняецца. Складаецца сьпіс з жыхароў Крыму, якія перайшлі на бок Расеі, сталі ваяваць супраць Украіны і загінулі.

Журналісты Ўкраінскай службы Радыё Свабода стварылі спэцпраект «Груз 200». У ім сабраная інфармацыя пра крымчанаў, якія сталі ўдзельнікамі ўзброенай агрэсіі Расеі супраць Украіны і загінулі.

Усе зьвесткі ўзятыя з адкрытых крыніц, у тым ліку заяў расейскіх афіцыйных асобаў, паведамленьняў сваякоў загінулых у сацыяльных сетках, публікацый у крымскіх і расейскіх СМІ.

Усяго журналісты адшукалі 1000 загінулых асобаў, але адзначаюць, што сьпіс пастянна папаўняецца з паступленьнем новай інфармацыі.

Знайсьці патрэбную асобу можна па прозьвішчы ці паводле трох градацый — рэгіёне Крыму, характары службы і году сьмерці. Праект працуе на дзьвюх мовах — украінскай і расейскай.

Ад пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну рэдактары праекту Радыё Свабода «Крим.Реалії» зьбіралі інфармацыю з адкрытых крыніц і парадкавалі яе. У базу ўваходзяць жыхары ўсіх рэгіёнаў паўвострава. У сьпісе ў асноўным кантрактнікі і кадравыя вайскоўцы, ёсьць таксама мабілізаваныя, прызыўнікі і вайсковаабавязаныя.

«Гэтая інфармацыя важная для жыхароў Крыму і іншых акупаваных тэрыторый, бо расейскія ўлады ўтойваюць рэальныя страты. „Крим.Реалії“ працягне працу над базай», — абяцаюць журналісты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі без афіцыйнага абвяшчэньня праходзяць Дні акупаванага Расеяй Крыму
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Расея рыхтуе дзяцей на акупаваных тэрыторыях Украіны да вайны супраць уласнай краіны