«Можа быць успрынята як абраза». Лукашэнка прыехаў у ААЭ са сваім шпіцам, чым сур’ёзна парушыў пратакол 

Аляксандар Лукашэнка (у цэнтры) падчас візыту ў у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. На заднім пляне Сьвятлана Канашэнка нясе шпіца (скрыншто зь відэа БелТА).

Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца з працоўным візытам у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, дзе сустракаецца з высокапастаўленымі чыноўнікамі. У камандзіроўку ён узяў свайго шпіца Умку.

У ААЭ вызнаюць іслам, а ў ісламскіх краінах звычайна сабаку не пускаюць у дом, бо шмат якія багасловы лічаць сабаку нячыстай жывёлінай. Палітоляг і татарскі актывіст Руслан Айсін пракамэнтаваў «Свабодзе» кур’ёз Лукашэнкі ў ААЭ.

«Арабы звычайна маюць тыграў, пантэр»

Кадры са шпіцам Умкам апублікавала прэс-служба Лукашэнкі. На відэа асабістая доктарка палітыка Сьвятлана Канашэнка нясе сабаку на руках.

У ісламе сабака лічыцца нячыстай жывёлай, якая можа апаганіць адзеньне, ежу і самога чалавека. Пасьля гэтага любы прававерны абавязаны зрабіць ачышчэньне.

«Яго можна зьмяшчаць толькі ў якасьці аховы па-за домам, — кажа экспэрт Руслан Айсін. — Натуральна, што тыя, хто іх трымае, імкнуцца як мінімум гэтага не дэманстраваць. У арабаў звычка мець кашэчых, напрыклад, тыграў, пантэр.

Я лічу, што Лукашэнка моцна папсаваў уражаньне пратакольнай службе і самому прымаючаму боку, таму што гэта можа быць успрынята як абраза. Калі б да Лукашэнкі прыехалі, то ён мог бы быць з сабакам, бо гаспадар, а не наадварот».

Лукашэнка і ягоны шпіц, архіўнае фота

Гэта ня першы раз, калі асабістай доктарцы Сьвятлане Канашэнцы палітык давярае свайго сабаку на афіцыйных сустрэчах у іншых краінах. Таксама як і ня першая замежная вандроўка для Умкі.

Напрыклад, Лукашэнка браў з сабой сабаку ў 2024 годзе ў камандзіроўку ў Расею, дзе сустракаўся з Уладзімірам Пуціным на Вааламе, у Зымбабве ў 2023 годзе — калі прыяжджаў да прэзыдэнта гэтай краіны Эмэрсана Мнангагвы, ва Ўзбэкістан у 2022 годзе, дзе праходзіў саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве прайшоў вайсковы парад да Дня Перамогі, Лукашэнка прыехаў са сваім шпіцам

Упершыню шпіц зьявіўся з Лукашэнкам 25 красавіка 2020-га. Палітык тады быў у Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласьці на суботніку, саджаў дрэвы.

Усеагульную ўвагу шпіц прыцягнуў пасьля інтэрвію Лукашэнкі з расейскай журналісткай Наілёй Аскер-задэ ў 2021 годзе, калі сабаку дазволілі ляжаць на стале побач зь ежай. У 2022 годзе гэта паўтарылася, сабака сядзеў на стале амаль на ежы падчас візыту Лукашэнкі ў Александрыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Таленавіты ва ўсім». Як і навошта прапаганда выкарыстоўвае Мікалая Лукашэнку