Міністэрства замежных спраў Беларусі паведаміла амбасадзе Японіі аб затрыманьні 16 сьнежня, піша The Asahi Shimbun.
У пачатку сьнежня беларускія незалежныя СМІ паведамілі пра затрыманьне грамадзяніна Японіі.
СМІ паведамлялі, што чалавек здымаў на відэа эстакаду, якая перасякае чыгуначнае палатно на паўднёвым усходзе Гомельскай вобласьці. Вобласьць мяжуе з Украінай, якая вядзе вайну з Расеяй, блізкім хаўрусьнікам Беларусі, нагадвае выданьне.
Пасольства Японіі ў Беларусі зьвярнулася па пацьвярджэньне ў МЗС Беларусі і атрымала адказ. Аднак у амбасадзе заявілі, што ня могуць назваць імя затрыманага і абвінавачаньні супраць яго.
У ліпені па падазрэньні ў шпіянажы беларускія спэцслужбы ўжо затрымалі аднаго японца, Масатосі Наканісі, які працаваў выкладчыкам японскай мовы ў мясцовым унівэрсытэце. Аднак у праграме пра гэтага чалавека, паказанай на дзяржаўнай тэлевізіі ў верасьні, размовы ў мэсэнджары LINE, якія лічыліся доказам яго «злачынства», відавочна ня мелі ніякага дачыненьня да шпіёнскай дзейнасьці, піша японскі партал.
Затрыманага раней Масатосі Наканісі абвінавачваюць у агентурнай дзейнасьці (арт. 358-1 Крымінальнага кодэксу). Яго трымаюць у сьледчым ізалятары КДБ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Суцэльная хлусьня». Чалавек, якога у сюжэце БТ назвалі «куратарам японскага шпіёна», пракамэнтаваў абвінавачаньніУ сюжэце дзяржаўнага тэлеканалу гаварылася, што Наканісі нібыта зьбіраў у Беларусі інфармацыю, якую «зьбіраўся перадаць» у японскую спэцслужбу «Кока Коан Іінкай». Сьцьвярджаецца, што ягоным «куратарам» нібыта быў былы муж ягонай малодшай сястры Масанаі Сато, у якога «ёсьць сувязі ў спэцслужбах».
Там сьцвярджалі, што японец таксама «езьдзіў у населеныя пункты побач з украінскай мяжой», дзе нібыта фатаграфаваў дарогі, масты, вакзалы і аэрапорты, а таксама інфраструктуру вайсковых аб’ектаў і чыгуначныя каляіны, агулам нібыта зрабіў 9 тысяч фатаздымкаў.
Месца, дзе ўтрымліваюць другога затрыманага японца, невядомае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўжо 19 іншаземцаў асудзілі за «агентурную дзейнасьць». Хто гэтыя людзі?