Пасьля перамен Беларусь вернецца да адзінай дзяржаўнай мовы, — экспэртны форум, арганізаваны АПК

Ілюстрацыйнае фота

Пасьля дэмакратычных пераўтварэньняў у Беларусі павінна быць адна дзяржаўная мова, але для яе ўвядзеньня патрэбен «пэўны пераходны пэрыяд». Да такой высновы прыйшла большасьць удзельнікаў экспэртнага форуму «Моўная палітыка ў Беларусі: Праектуючы будучыню», які прайшоў 17 сьнежня ў Варшаве.

Імпрэзу арганізавала прадстаўніцтва ў нацыянальным адраджэньні Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК), піша «Позірк».

Падчас форуму выказваліся розныя думкі аб працягласьці і зьмесьце адпаведнага пераходнага этапу, некаторыя экспэрты дзяліліся асьцярогамі, што штучнае фарсаваньне працэсу можа прывесьці да расколу ў беларускім грамадзтве і нават спробаў Расеі стварыць на беларускай тэрыторыі «віцебскую ці магілёўскую народныя рэспублікі» на ўзор акупаваных тэрыторый «ЛНР» і «ДНР» ва Ўкраіне.

Удзельнікі форуму абмеркавалі пытаньні статусу дзяржаўнай мовы ў Беларусі, а таксама моў рэгіянальных меншасьцяў з улікам міжнароднага і гістарычнага досьведу.

У онлайн-рэжыме ў форуме ўзялі ўдзел экспэрты з Ірляндыі, Уэльсу і Ўкраіны, якія расказалі пра досьвед разьвіцьця нацыянальных моў у сваіх краінах і рэгіёнах.

Было адзначана, што стратэгія дэмакратычных пераўтварэньняў павінна закранаць вырашэньне «вельмі адчувальнага» пытаньня дзяржаўнага статусу моў, якімі карыстаюцца грамадзяне Беларусі, з пункту гледжаньня існаваньня нацыянальных інтарэсаў і захаваньня тытульнай мовы нацыі.

Экспэрты сышліся ў думцы, што неабходна ўлічваць інтарэсы моўна-гістарычных супольнасьцяў, якія здаўна насяляюць тэрыторыю Беларусі, і ўваходжаньне краіны ў «глябальны кантэкст».

Удзельнікі дыскусіі абмеркавалі цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі, дзе з 1995 году фармальна існуюць дзьве дзяржаўныя мовы.

Падкрэсьлена, што адпаведны рэферэндум быў праведзены з парушэньнем заканадаўства, насуперак дзейнаму ў той час закону «Аб мовах».

«Па факце гэта стала нагодай ня проста зьяўленьня новай дзяржаўнай мовы, а і падставай для таго, каб вынішчаць беларускую мову з усіх сфэр грамадзкага ўжываньня», — адзначыў выканаўца абавязкў апрадстаўніка АПК у нацыянальным адраджэньні Павал Баркоўскі.

Папулярызатарка беларускай мовы Аліна Нагорная прывяла прыклады пагаршэньня сытуацыі з моўным пытаньнем у адукацыі, інфармацыі і ўстановах.

Дарадца беларускай дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і парлямэнцкаму супрацоўніцтву Анатоль Лябедзька адзначыў, што ў распрацаваным беларускімі дэмакратычнымі сіламі праекце «Канстытуцыі новай Беларусі» пакуль няма адказу на пытаньне аб тым, колькі дзяржаўных моў будзе ў Беларусі. Паводле яго слоў, «гэта зроблена сьвядома і мэтанакіравана», таму што зараз грамадзтва перажывае «працэс штучнай, масіраванай русыфікацыі».

«Натуральна, мы слаба ўплываем на грамадзкасьць у Беларусі і таму калі б, напрыклад, заўтра беларусам далі магчымасьць прагаласаваць на абсалютна дэмакратычным рэфэрэндуме, то ў гэтым ёсьць вялікая рызыка», — дадаў палітык.

«Патрэбны будзе этап, на якім трэба будзе папрацаваць з грамадзтвам, правесьці тлумачальную працу з пункту гледжаньня гісторыі і іншых аспэктаў, што гэта абсалютна нармальна, каб у Беларусі была адна дзяржаўная мова», — адзначыў Лябедзька.

Вынікамі сацыялагічных дасьледаваньняў грамадзкай думкі ў Беларусі наконт стаўленьня насельніцтва да моўнай сытуацыі ў краіне падзяліліся прадстаўнікі Беларускай аналітычнай майстэрні Марына Гуляева і Андрэй Вардамацкі.

Агульная выснова — на гэтым этапе разьвіцьця беларускага грамадзтва мова не зьяўляецца (у адрозненьне, напрыклад, ад Польшчы) значным фактарам, які, паводле думкі людзей, зьвязвае іх з прадстаўнікамі сваёй нацыянальнасьці.

Выканаўчы дырэктар Інстытуту беларускай мовы Сьвятлана Лясовіч і акадэмічны дырэктар гэтай жа ўстановы Лілея Плыгаўка паведамілі пра кірункі дзейнасьці інстытуту і мэтадычны кірунак адукацыйнай дзейнасьці ў аспэкце моўнай палітыкі.

Таксама на форуме абмеркавалі сучасную моўную палітыку беларускіх незалежных мэдыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выдаўцы беларускіх кніг — «Людзі Cвабоды – 2024»