Мікалай Крыжаноўскі нарадзіўся 1 сакавіка 1937 году ў Бабруйску. Скончыў Паўночна-заходні політэхнічны інстытут у Ленінградзе (сёньня Санкт-Пецярбург). У 1990 годзе быў выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР. Сябра Камісіі ВС у пытаньнях разьвіцьця прамысловасьці, энэргетыкі, транспарту, сувязі і інфарматыкі. Сябра Часовай камісіі ВС па прывілеях. Сябра Канстытуцыйнай камісіі. Сябра ценевага кабінэту (ураду) Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, уваходзіў у камітэт барацьбы з карупцыяй.
Удзельнічаў у распрацоўцы і прыняцьці Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, падрыхтоўцы законапраектаў да нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету 24–25 жніўня 1991 г., на якой была адноўленая Незалежнасьць Беларусі.
Суаўтар Канцэпцыі пераходу Беларускай ССР на рынкавую эканоміку (восень 1990 г.), асноўных кірункаў рэформаў для выхаду з крызісу — перадвыбарная эканамічная плятформа БНФ «Адраджэньне» (вясна-1995), суаўтар шэрагу законапраектаў.
Удзельнік галадоўкі 11–12 красавіка 1995 г. у Вярхоўным Савеце, абвешчанай ў знак пратэсту супраць незаконна ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму аб ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, ліквідацыі статусу дзяржаўных сымвалаў герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сьцяга, эканамічнай інтэграцыі з Расеяй і праве прэзыдэнта распускаць Вярхоўны Савет.
Пра сьмерць паплечніка ў сваім фэйсбуку паведаміў старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк.
«Апошняй нашай агульнай сумеснай працай разам зь ім і з калектывам аўтараў была Народная праграма „Вольная Беларусь“ (2017) — праект будучай новай Беларусі, які, не сумняваюся, будзе ўвасоблены ў жыцьці. Беларусь расквітнее, стане вольнай і моцнай. У гэтым таксама застанецца праца і сьветлы дух Мікалая Кірылавіча. Бывай, сябра. Наша справа не загінула і не загіне ніколі. Вечная памяць», — напісаў Пазьняк.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мікалай Крыжаноўскі: «Кожны дзень пры Лукашэнку прыносіць нашай краіне вялізарныя страты» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету 1995 году і канец беларускага парлямэнтарызму. АРХІЎНАЕ ВІДЭА